У Дуброўне прайшлі ператрусы ў кватэры актывіста АГП і ў доме яго маці

2018 2018-05-18T12:53:35+0300 2018-05-18T12:58:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chamuraka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Віцебская вясна” перадае, што ў кватэры дубровенскага актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Чамуракі 4 траўня прайшоў ператрус, у выніку якога канфіскаваны ноўтбук і сыстэмны блок кампутара. Адначасова другая брыгада, якая складалася з двух мясцовых супрацоўнікаў і аднаго з Віцебску ў цывільным, апісала маёмасць у доме, дзе пражывае маці актывіста. У жанчыны, інваліда 2-й групы, падскочыў ціск, ёй выклікалі хуткую.

Міхаіл Чамурака паведаміў, што 4 траўня а 15 гадзіне ў кватэру, дзе ён пражывае з сям'ёй, прыйшлі трое: ўчастковы міліцыянт у форме Сяргей Пучкоў, супрацоўнік мясцовага РАУС у цывільным Віталь Ходзікаў і яшчэ адзін чалавек у цывільным з Віцебску. З імі былі яшчэ двое незнаёмых гаспадарам людзей, якіх супрацоўнікі прывялі з сабой і прадставілі ў якасці панятых.

Міхаілу прад'явілі дакумэнт, з якога вынікала, што ператрус праводзіцца ў сувязі з вядзеннем крымінальна-працэсуальных дзеянняў паводле арт. 188, ч. 2 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сказалі, што ладзіцца праверка заявы дубровенскага пракурора Пацеева пра абразу яго Міхаілам Чамуракам ў сетцы «Аднакласнікі».

Супрацоўнікі органаў канфіскавалі наўтбук і сыстэмны блок кампутара. Прычым у ноўтбуку змяшчаецца ўся неабходная Міхаілу для працы інфармацыя, у тым ліку дамовы з контрагентамі, электронны подпіс да банкаўскага рахунку – Міхаіл з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і вядзе гаспадарчую дзейнасць. Ён паведаміў пра гэта супрацоўнікам, але ўзяць патрэбную інфармацыю яму не дазволілі.

Міхаіл таксама папярэдзіў супрацоўнікаў, што ўласнікам наўтбуку з'яўляецца яго маці, аднак гэта таксама іх не спыніла.

Супрацоўнікі склалі пратакол канфіскацыі, аднак забралі яго з сабой, не пакінуўшы гаспадарам ні яго копіі, ні якога-небудзь іншага дакумэнту пра тое, што яны наогул тут былі і нешта забіралі.

Міхаіл зафіксаваў іх на відэа, у прыватнасці – як яны складаюць пратакол апытання і пратакол канфіскацыі.

Супрацоўнікі заявілі, што гаспадары не маюць права весці здымку. Калі ж Міхаіл з жонкай не пагадзіліся з гэтым, віцебскі супрацоўнік у цывільным удакладніў:

«Вы здымаеце пра мяне. Калі гэтая інфармацыя будзе размешчаная недзе, у нейкія сеткі, то могуць быць наступствы. Я вас папярэдзіў...»

Адначасова – літаральна ў тую самую хвілю – ператрус распачаўся і ў доме, дзе пражывае маці актывіста. Сталая жанчына знаходзілася дома адна. У яе падскочыў ціск, яна не памятае ні што канфіскавалі, ні што яна падпісвала. Паводле дачкі, якая прыйшла пазней, пенсіянерку пасля перанесенага стрэсу і прыніжэння літаральна трэсла. Паводле яе словаў, наведнікі корпаліся ва ўсіх яе асабістых рэчах, нават у макаронах.

У яе доме пабывалі мясцовыя супрацоўнікі Машукоў і Стамбронік, таксама ўзмоцненыя трэцім – віцебскім ў цывільным. Мабыць, падставай для гэтага сталася тое, што яе сын Міхаіл афіцыйна прапісаны тут. Акрамя ператрусу, яны таксама – паводле словаў маці – правялі вопіс маёмасці, якая знаходзілася ў доме.

Паводле супрацоўнікаў, якія праводзілі ў яго ператрус, Міхаіл зразумеў, што гэта – вынік публікацыяў у яго акаўнце ў «Аднакласніках», у якіх ён нібыта наносіць абразы мясцовым чыноўнікам.

У чым выяўляліся абразы, Міхаіл і яго жонка не разумеюць. Яны ведаюць толькі, што ўсе іх праблемы з міліцыяй – калі іх затрымалі 25 сакавіка і Міхаіла ўтрымлівалі 7 гадзін у РАУС, каб яны не маглі трапіць у Мінск на дазволенае святкаваньне Дня Волі; калі пасля гэтага намякнулі яго жонцы Людміле, што яна не зможа больш нармальна працаваць ў пазаведамаснай ахове, і ёй давялося напісаць заяву паводле пагадненьня бакоў; калі на заяву Міхаіла Чамуракі пра ўзлом іх машыны міліцыя адпісалася, што «няма складу злачынства», – усё гэта пачалося пасля таго, як Міхаіл пачаў праяўляць палітычную і грамадзянскую актыўнасць у сетцы. Ён быў назіральнікам ад АГП на мясцовых выбарах, публікаваў фота паразбіваных дарогаў Дубровенскага раёну з пытаннем пра тое, куды сыходзяць падаткі грамадзян, нататкі пра разбурэнне прадпрыемстваў раёну, у прыватнасці малочна-таварных комплексаў, фотафакты парушэнняў ПДР з боку супрацоўнікаў ДАІ, відэа з судоў над палітычнымі актывістамі.

У суботу, 5 траўня, Людміла Чамурака наведала РАУС і занесла сваю заяву (менавіта яна з'яўляецца ўласніцай канфіскаванага сыстэмнага блоку) і заяву маці, уласніцы наўтбуку. Яны з'вярнуліся да начальніка РАУС, каб ім далі копію акту канфіскацыі тэхнікі. Пры гэтым у РАУС ім сказалі, што канфіскаваная тэхніка знаходзіцца ў Віцебску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства