Новы рэкорд Кастуся Жукоўскаўга: пятая за тыдзень позва
«Радыё Свабода» паведамляе, што гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі атрымаў ад праваахоўнікаў ужо пятую за тыдзень позву.
Пятая позва — выклік у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс па неназванай адміністрацыйнай справе. Кастуся Жукоўскага таксама выклікаюць для складання пратаколу праваахоўнікі Гомеля, Калінкавічаў, Кармы, Лоева. Таксама да яго мае прэтэнзіі ваенкамат — тэрмінова выклікалі на зборы.
Папярэднія працэсы супраць Жукоўскага вяліся пераважна паводле арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь — за «парушэнне заканадаўства аб СМІ». Жукоўскі, які супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат» у якасці фрылансэра, стаў адным з рэкардсмэнаў Беларусі ў «журналісцкіх» штрафах. Сума штрафаў Жукоўскага ўжо перавысіла 2 тысячы рублёў.
Як кажа Кастусь Жукоўскі Свабодзе, цяперашнія пяць позваў за тыдзень — наўрад ці супадзенне. Нядаўна ён абвясціў, што больш не будзе супрацоўнічаць з «Белсатам», таму дапускае, што яго хочуць «дабіць» штрафамі.
«Але ж гэта немагчыма: нас дабіваць што неба фарбаваць, — заяўляе Кастусь Жукоўскі. — Пра „Белсат“ у мяне толькі добрыя ўспаміны: калі ездзілі з калегамі, бачыў, што прыносім карысць. Былі нюансы, асаблівасці краіны з дыктатурай, што людзей, якія давалі камэнтары, звальнялі... Гэта было сумна.
Ды я буду працягваць сваю журналісцкую працу, ёсць дамовы з людзьмі, якія мяне падтрымаюць. Гэта мяне не спыняе, ды і зыход з „Белсату“ — гэта не таму, што мяне зламалі ці што. Проста колькі можна фінансаваць рэжым? Цяпер нічога не памяняецца, буду далей працаваць, буду больш ездзіць, казаць тое, што ёсць насамрэч».
Жукоўскі адзначае, што на суды па «журналісцкіх» працэсах трэба хадзіць, хай сабе шанцы пазбегнуць штрафу вельмі малыя. Ён разважае: хоць сыстэма «ганебная», але «судздзі таксама людзі», сваю думку да іх можна данесці, «займацца асветай», яны могуць даць меншы штраф.