Алесь Бяляцкі: “Мы пратэстуем супраць рэпрэсіўных дзеянняў улады перад Днём Волі”
Як раней паведамляў ПЦ “Вясна”, напярэдадні 25 сакавіка па Мінску пракацілася хваля затрыманняў. Праваабаронцы абураныя такімі дзеяннямі ўлады.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выказвае рашучую нязгоду з тым, што адбылося:
“21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Мінску прайшлі затрыманні палітычных актывістаў Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага. Рапарты аб адміністрацыйным правапарушэнні, здзейсненым як быццам бы раней, відавочна, складзеныя таксама на палітычных актывістаў Леаніда Кулакова і Вольгу Нікалайчык. Іх, як і Мікалая Статкевіча, заблакавалі па месцы жыхарства, у любы момант могуць затрымаць і асудзіць.
Мы, праваабаронцы, ацэньваем гэта як прэвентыўныя затрыманні напярэдадні дазволенай уладамі акцыі па святкаванні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. Гэтыя затрыманні мелі на мэце з боку ўладаў не дапусціць забароненага імі шэсця, прызначанага палітычнымі актывістамі на 25-га сакавіка.
Гэта не мае законнага апраўдання. Гэта недапушчальна! Бо кожны з жыхароў Беларусі мае права на мірныя сходы. Забарона шэсця ў дадзеным выпадку выглядае як непрапарцыйнае і нічым не матываванае абмежаванне свабоды мірных сходаў. Нічога страшнага не здарылася б, калі б людзі прайшлі па вуліцах горада ад плошчы Якуба Коласа да дазволенай акцыі каля тэатра оперы і балета.
Мы пратэстуем супраць рэпрэсіўных дзеянняў улады перад Днём Волі. Мы звяртаемся да ўладаў з патрабаваннем не парушаць правы і свабоды беларускіх грамадзянаў напярэдадні і ў час правядзення святкавання незалежнасці БНР”.