viasna on patreon

Суд у Горках не адбыўся: асабістая справа Міхаіла Жамчужнага – у абласной пракуратуры

2018 2018-03-06T15:26:55+0300 2018-03-06T15:41:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

У панядзелак, 5 сакавіка, у Горацкім раённым судзе павінен быў распачацца судовы разгляд скаргі палітвязня Міхаіла Жамчужнага на спагнанне ў выглядзе трох сутак змяшчэння ў ШІЗА, якое было накладзена на яго 23 студзеня падчас знаходжання ў памяшканні камернага тыпа. Падставай для накладання спагнання адміністрацыя назвала невыкананне патрабавання аб прыборцы памяшкання.

У пачатку судовага разбіральніцтва ў Горацкім раённым судзе выявілася, што адміністрацыя калоніі №9, дзе адбывае пакаранне палітвязень, не прадставіла неабходныя дакументы, паколькі асабістая справа Жамчужнага запатрабавана Магілёўскай абласной пракуратурай. Суд прыняў рашэнне прыпыніць разгляд справы да завяршэння праверкі абласной пракуратурай па звароце палітвязня.

Тое, што ў судзе будзе разглядацца менавіта гэтая скарга палітвязня, стала вядома на месцы. Да гэтага праваабаронцы меркавалі, што разглядацца будзе скарга Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя яму спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года (4 верасня – адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 16 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка – пяць сутак ШІЗА) за адмову следаваць у атрад, аднак, гэта не пацвердзілася. На дадзены момант дата судовага працэсу па гэтай скарзе невядомая.

Сувязь праз ліставанне з Міхаілам Жамчужным па-ранейшаму адсутнічае. Гэта, найбольш верагодна, звязана з чарговым спагнаннем і ўтрыманнем палітвязня ў ШІЗА. Апошняе вядомае Праваабарончаму цэнтру «Вясна» спагнанне Жамчужнаму ў выглядзе 10 сутак ШІЗА павінна было завершыцца 18 лютага, і адсутнасць карэспандэнцыі найхутчэй азначае, што прэсінг на палітвязня працягваецца, у адносінах да яго па-ранейшаму выкарыстоўваюцца рэпрэсіўныя захады.

Нагадаем, што 5 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе была разгледжана касацыйная скарга на рашэнне Горацкага раённага суда. Суддзя Ірына Маймусава пакінула рашэнне Горацкага суда без зменаў, а скаргу Міхаіла Жамчужнага без задавальнення, матываваўшы гэта тым, што рашэнне раённага суда было законным і апраўданым. Палітвязня ў суд не дастаўлялі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства