viasna on patreon

Суд пашкадаваў грошай, каб даставіць палітвязня ў суд

2018 2018-03-05T14:55:43+0300 2018-10-04T11:02:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітвязень Міхаил Жамчужны/

Палітвязень Міхаил Жамчужны/

Як паведамляе праваабарончы сайт mspring.online, 5 сакавіка калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела скаргу Міхаіла Жамчужнага, які ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі №9. 

Згодна з матэрыяламі справы, зняволенага ў жніўні 2017 года тройчы каралі суткамі ў штрафным ізалятары за тое, што ён адмаўляўся перайсці ў іншы атрад калоніі. Інтарэсы Жамчужнага ў судзе прадстаўляў адвакат Вадзім Мушынскі, які паскардзіўся на нежаданне адміністрацыі ПК і суда даставіць падабароннага ў суд.

 Шкада, што такая катэгорыя спраў разглядаецца без заяўніка. Усё, што я тлумачу, – са слоў Міхаіла. Аднак ёсць доказы ў падтрымку скаргі. Суд Горацкага раёна абвясціў, што Жамчужны адмовіўся ад дачы тлумачэнняў па ўсіх дысцыплінарных спагнаннях. Але па факце парушэння 28 жніўня 2017 тлумачэнні былі. Суд гэта праігнараваў.

Суд Горацкага раёну не прыняў довады майго падабароннага пра тое, што сваімі адмовамі ён спрабаваў захаваць уласныя гонар і годнасць. У калоніі на дадзены момант для Міхаіла небяспечна нідзе. Ён вымушаны адмаўляцца ад пераводу ў іншы атрад з-за нестатутных адносін паміж вязнямі. Жамчужны прасіў аб пераводзе ў бяспечнае месца. Цяпер у калоніі існуе пагроза жыццю і здароўю зняволенага, прычым вельмі сур’ёзная пагроза, – распавёў Мушынскі.

Паводле яго слоў, у іншых калоніях, дзе адбываў пакаранне падабаронны, такой праблемы не было. Першапачаткова Міхаіла Жамчужнага ў ПК №9 накіравалі ў 21 атрад. Аднак там ўзнікла канфліктная сітуацыя з іншымі вязнямі. Яго перавялі ў атрад №2, але і там сітуацыя паўтарылася. Паколькі ў любым атрадзе яго "прэсуюць" – адмова ад пераводу выглядае лагічнай. Акрамя таго, у СІЗА і ў памяшканні камернага тыпу ён знаходзіцца ў большай бяспецы, лічыць Мушынскі.

Пры гэтым, заўважыў адвакат, адміністрацыя калоніі не рэагуе на заўвагі палітвязня і ігнаруе пагрозу яго бяспекі.

Судовая калегія выказала здагадку, што змяшчэнне Жамчужнага ў ШІЗА як раз такі спрыяе яго бяспецы. На гэта Вадзім Мушынскі запярэчыў, што адміністрацыя магла перавесці яго ў бяспечнае месца. У такім выпадку ў Міхаіла захоўвалася б права на перапіску і магчымасць атаварвацца. Усяго, па падліках адваката, Жамчужны правёў у ШІЗА больш за сто сутак.

Магілёўскі абласны суд адмовіўся прызнаваць правату палітвязня, матываваўшы гэта тым, што рашэнне Горацкага суда законна і апраўдана. Большае абурэнне выклікала матывацыя суда не прывозіць Жамчужнага на працэс асабіста:

– У нарматыўных актах не прапісаныя выдаткі на дастаўку зняволенага на судовае паседжанне па яго заяве, – заявіла суддзя Ірына Маймусава.

Пры гэтым у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пазначана, што чалавек, які адбывае тэрмін, мае права прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе асабіста.

– Атрымліваецца, што, калі б я не абараняў Міхаіла Жамчужнага, яго скаргу наогул маглі не разгледзець. А так хоць прачыталі, – пракаментаваў словы суддзі Мушынскі.

Праваабаронца Барыс Бухель, які наведаў паседжанне, лічыць, што пасля такіх слоў суддзяў калегіі трэба пазбавіць дыпломаў  юрыста:

– Ёсць вышэйстаячыя нарматыўныя акты, у якіх прапісана права на ўдзел у судовым працэсе. Але для Магілёўскага абласнога суда самае галоўнае – гэта не прапісаныя выдаткі на дастаўку ў суд. Спадзяюся, гэтыя суддзі нідзе не выкладаюць, – заўважыў Бухель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства