Суд спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да валанцёра “Вясны”

2018 2018-02-22T15:04:45+0300 2018-02-22T15:37:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yury_miatelski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Мяцельскі

Юры Мяцельскі

У судзе Слуцкага раёна 22 лютага суддзя Аляксандр Тарасюк разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да валанцёра ПЦ “Вясна” Юрыя Мяцельскага. Хлопца вінавацілі ў “дробным хуліганстве” (арт. 17.1 КаАП”) – нібыта ён брудна лаяўся ў грамадскім месцы.

Сведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі АМАПу – Мядзведскі і Макееў, якія затрымлівалі Юрыя Мяцельскага ў навагоднюю ноч. У судзе яны распавядалі, нібыта хлопец лаяўся пры размове са сваім сябрам, і першапачаткова ў іх не было мэты яго затрымліваць, а проста хацелі правесці прафілактычную размову. Аднак, Юры Мяцельскі на месцы сваю віну не ўсвядоміў, не папрасіў прабачэння, а замест гэтага спрабаваў аднага з АМАПаўцаў ухапіць за жэтон.

Аднак, у рапартах, якія падавалі раней Мядзведскі і Макееў, значылася, што хлопец лаяўся ў бок грамадзянаў, якія нібыта знаходзіліся побач.

Сябра Юрыя, які знаходзіўся ў ноч падзей разам з абвінавачаным, выступіў сведкай на судзе і распавёў, што ў момант затрымання ніякіх людзей вакол не было, супрацоўнікі АМАПу спынілі хлопцаў, патрабавалі дакументы, ніякіх гутарак не праводзілі, заўваг не рабілі, Юрый Мяцельскі не лаяўся, а спрабаваў перапісаць нумары з жэтонаў супрацоўнікаў міліцыі, за што і быў затрыманы.

Заслухаўшы паказанні сведкаў, вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Аляксандр Тарасюк прыйшоў да высновы, што справу трэба спыніць з-за не даказанасці здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння Юрыем Мяцельскім.

Цяпер валанцёр “Вясны” збіраецца абскардзіць сваё незаконнае двухсуткавае ўтрыманне ў ІЧУ і спагнаць за гэта кампенсацыю праз суд.

Нагадаем, што Юрый Мяцельскі быў затрыманы ў ноч на першае студзеня слуцкім АМАПам. Аднаго з амапаўцаў абурыла, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр “Вясны” папрасіў і самаго амапаўца прад’явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў знаходжанні ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення (арт. 17.3 КаАП).

Потым, калі Юрыя даставілі ў міліцэйскі пастарунак, стала зразумела, што артыкул 17.3 “пераўтварыўся” у 17.1, - Юрыя абвінавацілі ў тым, што той лаяўся матам у грамадскім месцы. Пасля псіхалагічнага і фізічнага ціску з боку ўчастковага інспектара Аляксандра Савіна (ён заламаў Мяцельскаму руку і ў нецэнзурнай форме патрабаваў падпісаць паперы), Юрый падпісаў пратакол, аднак пазначыў, што не згодны з яго зместам і сваю віну не прызнае. Пасля гэтага хлопец двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства