viasna on patreon

Гары Паганяйла пра "справу прафсаюзаў": Паўтараецца старая “песня пра граблі”

2018 2018-02-02T09:37:24+0300 2018-02-02T09:51:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dsc00535-737x415.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як доўга можа працягвацца “справа прафсаюзаў”.

“Справа палітызавана самім інтарэсам да яе і ўбуджэннем крымінальнай справы ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП, – кажа суразмоўца. – Падобная сітуацыя была з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, шэрагам арганізацый, да фінансавай дзейнасці якіх была асаблівая ўвага аператыўных служб і следства…”

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным, але 2 кастрычніка ён быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Зараз расследванне крымінальнай справы працягваецца, а днямі, на спецыяльным пасяджэнні прафсаюза РЭП, была прынята адмысловая заява. Стала вядома, што да “справы прафсаюзаў” далучыліся новыя следчыя і дапытваюцца сотні людзей, звязаныя з прафсаюзнай дзейнасцю.

Хутчэй за ўсё, допыты шэраговых сябраў незалежнага прафсаюза звязаны з фінансавай дзейнасцю арганізацыі, – кажа Гары Паганяйла. – Следства, як правіла, абірае тактыку сваіх паводзін у залежнасці ад таго, якія мае на сёняшні дзень матэрыялы і аператыўныя распрацоўкі для таго, каб адпрацоўваць тыя ці іншыя накірункі і версіі. Не ведаючы ўсіх дэталяў таго, у якім накірунку рухаюцца следчыя, цяжка пра нешта і казаць з дакладнасцю. Тут галоўнае: якую канкрэтна інфармацыю хоча атрымаць следства шляхам допытаў шэраговых актывістаў прафсаюза РЭП?

–  Кіраўніцтва прафсаюза лічыць, што такім чынам улады вырашылі ўзмацніць ціск на актывістаў арганізацыі…

У прафсаюзе – тысячы сябраў, і, натуральна, усіх іх на допыты не будуць выклікаць, хаця аператыўнікі працуюць па нейкай сваёй сістэме. Іншая справа, што пры гэтым і насамрэч адбываецца ціск не толькі на кіраўніцтва прафсаюза, але і на шэраговых сябраў. Я не магу сказаць на сто працэнтаў, што следства паставіла перад сабой менавіта такую задачу, але такая форма ціску можа выкарыстоўвацца.

— Наколькі гэтая справа палітызавана?

Яна палітызавана самім інтарэсам да яе і ўбуджэннем крымінальнай справы ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП. І гэта – паўтарэнне песні пра “старыя граблі”. Падобная сітуацыя была з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, шэрагам іншых арганізацый, да фінансавай дзейнасці якіх была асаблівая ўвага аператыўных служб і следства.

У такіх сітуацыях якраз і праяўляецца негатыўнае стаўленне ўладаў да незалежных структур, жаданне іх дзейнасць альбо спыніць, альбо стварыць немагчымыя ўмовы для працы. Усё гэта рабілася шляхам уключэння жорсткага рэпрэсіўнага механізма дзеля таго, каб адхіліць арганізацыю ад дзейнасці. Інструменты выканання былі простыя – пасадзіць лідараў за краты ды завесці крымінальную справу. Зараз, дзякуй Богу, усе фігуранты “справы прафсаюзаў” на волі, але, тым не менш, раследванне працягваецца, і лёс падазраваных невядомы.

– Расследванне цягнецца ўжо амаль паўгода. На ваш погляд, колькі яшчэ часу спатрэбіцца следчым?

Калі фігуранты справы знаходзяцца на волі, то справа можа цягнуцца вельмі доўга – аж да заканчэння тэрміна даўніны па прыцягненні да крымінальнай адказнасці. Тут расследванне могуць працягваць да бясконцасці.

– Такая сітуацыя – нязручная для саміх незалежных прафсаюзаў?
Безумоўна, бо яны пастаянна будуць знаходзіцца пад “каўпаком”. Кіраўнікі па-ранейшаму – у статусе абвінавачаных, а гэта значыць, што ў іх застаюцца пэўныя абмежаванні. Сябры незалежнага прафсаюза таксама могуць аказацца ў полі зроку аператыўных служб альбо следчых, а значыцца будуць пад пэўным прэсам. Сёння, напрыклад, ты – сведка, а заўтра можаў стаць абвінавачваным.

– Ваш прагноз: чым можа закончыцца гэтая справа?

Паўтаруся, я не ведаю усіх дэталяў. Але, напрыклад, калі разглядалася “справа Бяляцкага”, то я ведаў, што там усё было шытае белымі ніткамі. Ні для каго не сакрэт, што грошы, якія мела праваабарончая арганізацыя, ішла не ў кішэню таму ж Бяляцкаму, а на дапамогу рэпрэсаваным і іншую праваабарончую дзейнасць. І, тым не менш, чалавека адправілі на некалькі гадоў за краты. Што будзе зараз? Час пакажа, але ўсе мы спадзяемся на лепшае…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства