viasna on patreon

Мера стрымання для праваабаронцы Аюба Ціціева - два месяцы арышту

2018 2018-01-12T15:05:52+0300 2018-01-12T15:08:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/oiub_titiev.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік прадстаўніцтва ПЦ "Мемарыял" у Грозным Аюб Ціціеў. Фота з сацсетак

Кіраўнік прадстаўніцтва ПЦ "Мемарыял" у Грозным Аюб Ціціеў. Фота з сацсетак

Кіраўніку чачэнскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра "Мемарыял" Аюбу Ціціеву Шалінскі гарадскі суд Чачэнскай Рэспублікі ў закрытым рэжыме прызначыў меру стрымання ў выглядзе двух месяцаў арышту. 11 студзеня яму было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 228 Крымінальнага кодэкса РФ - «Незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў у буйным памеры».

Праваабаронца настойвае, што пакет з наркатычным рэчывам быў падкінуты да яго ў аўтамабіль адным з паліцэйскі, паведаміў "Інтэрфаксу" яго адвакат Пётр Заікін.

"На пасяджэнні ў судзе Аюб падрабязна распавёў пра абставіны, якія сведчаць аб адсутнасці падзеі злачынства, а таксама пра тое, якім чынам пакет з наркатычным рэчывам апынуўся ў ягонай машыне", - сказаў адвакат.

Паводле яго слоў, Ціціеў перакананы, што пакет з марыхуанай быў падкінуты пад пасажырскае сядзенні яго аўтамабіля паліцыянтам. У сувязі з гэтым праваабаронца ўжо напісаў заяву ў кіраванне СК па Чачэнскай рэспубліцы аб узбуджэнні справы супраць гэтага паліцэйскага.

Па звестках ПЦ "Мемарыял", 9 і 10 студзеня аператыўныя супрацоўнікі Курчалоевўскага аддзела паліцыі, спрабуючы схіліць Аюба Ціціева да самаагавора, у размовах з ім неаднаразова пагражалі «сур'ёзнымі непрыемнасцямі» яго сваякам.

10 студзеня паліцэйскія ўварваліся ў дом Аюба Ціціева ў сяле Курчалой. Яго жонкі і дзяцей дома не было, але дома ў гэты час знаходзіліся яго сваячкі з сям'і яго брата, Якуба Ціціева. Паліцэйскія паводзілі сябе надзвычай груба. Яны заявілі, што шукаюць Якуба і дваццацівасьмігадовага сына Аюба, Бекхана Ціціева. Даведаўшыся, што абодвух у той момант у Курчалой не было, паліцыянты выгналі ўсіх жанчын на вуліцу, замкнулі дом Аюба Ціціева і сышлі, забраўшы з сабой ключы.

Прычыны, па якіх паліцэйскія шукаюць сына і брата затрыманага праваабаронцы, яны тлумачыць не сталі.

На думку кіраўніка савета праваабарончага цэнтра, затрыманне Ціціева звязана з яго прафесійнай дзейнасцю, "якая выклікала незадавальненне з боку чачэнскіх уладаў".

З першага дня затрымання Аюба Ціціева праваабаронцы, прадстаўнікі НКО і афіцыйныя асобы замежных дзяржаў выказваюць асцярогі за яго лёс і сумневы ў правамоцнасці ягонага пераследу.

Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый ужо выступілі ў падтрымку Аюба Ціціева і заклікалі ўлады Расійскай Федэрацыі неадкладна вызваліць праваабаронцу.

Неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачванняў з праваабаронцы патрабуюць і сябры Платформы грамадзянскай салідарнасці (CSP), у ліку якіх Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Нагадаем, раніцай 9 студзеня машыну кіраўніка прадстаўніцтва ПЦ "Мемарыял" у Чачэнскай Рэспубліцы Аюба Ціціева спынілі людзі ў форме супрацоўнікаў дарожнай інспекцыі. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь. Аб здарэннi былі праінфармаваныя кіраўнік СПЧ пры прэзідэнце РФ Міхаіл Фядотаў і ўпаўнаважаны па правах чалавека ў Расіі Таццяна Маскалькова.

Праз некалькі гадзін выявіць Ціціева ў Курчалоеўскім РАУС атрымалася члену СПЧ пры кіраўніку Чачні Хедзе Саратавай. Яна выехала да яго.

МУС Чачні пацвердзіла, што затрыманне Аюба Ціціева звязана са справай, распачатай на падставе артыкула «захоўванне наркотыкаў», толькі праз шэсць з лішнім гадзін пасля затрымання.

Інкрымінаваны чачэнскімі сілавікамі 60-гадоваму Ціціеву артыкул - практыкуемы спосаб барацьбы з непажаданымі ў Чачні журналістамі, грамадскімі дзеячамі і праваабаронцамі. Супрацоўнікі «Новай газеты» ведаюць Ціціева больш за дваццаць гадоў. Яны сцвярджаюць, што ён рэлігійны чалавек, які вядзе выключна здаровы і спартыўны лад жыцця.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства