viasna on patreon

Пракуратура зноў указала СК на няпоўнасць праверкі па факце збіцця Сяргея Ткачэнка міліцыяй

2018 2018-01-11T11:50:08+0300 2018-01-11T11:52:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tkachenka-gematomy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гематомы на целе пацярпелага жыхара Фаніпаля.

Гематомы на целе пацярпелага жыхара Фаніпаля.

Пракуратура Дзяржынскага раёна ў другі раз адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія нанеслі не менш за 26 цялесных пашкоджанняў пры затрыманні жыхара Фаніпаля Сяргея Ткачэнка.

У складзенай пры дапамозе юрыстаў ПЦ "Вясна" скарзе ў пракуратуру збіты міліцыяй мужчына паказаў, што Дзяржынскім раённым аддзелам Следчага Камітэта 19 жніўня 2017 года ізноў была вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, з чым ён катэгарычна не згодны.

Сяргей Ткачэнка лічыць, што следчым Д. Апалонікам, які ў другі раз праводзіў праверку, заўчасна была зроблена выснова пра адсутнасць у дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў складу злачынства без высвятлення шэрагу абставінаў, якія падлягаюць ўдакладненню. Так не была дадзена ацэнка запісу камеры відэаназірання, усталяванай у будынку Фаніпальскага аддзялення міліцыі, не былі прааналізаваны паводзіны міліцыянтаў, якія беспадстаўна дапусцілі са свайго боку жорсткае абыходжанне да Сяргея Ткачэнка, нанёсшы яму цялесныя пашкоджанні і прынізіўшы яго чалавечую годнасць.

Таксама мужчына адзначыў, што вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з'яўляецца незаконнай, паколькі ў аснову высноваў аб адсутнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі Дзяржынскага РАУС следчым былі пакладзены іх уласныя тлумачэнні, якія абвяргаюцца аб'ектыўнымі доказамі, а менавіта заключэннем эксперта. Пры гэтым Д. Апалонікам не дадзены і адказ, хто і дзе прычыніў цялесныя пашкоджанні Сяргею Ткачэнка, зафіксаваныя экспертамі, калі супрацоўнікі міліцыі не пры чым.

Пракуратура разгледзела зварот пацярпелага, правяла праверку, у ходзе якой з РАСК былі запатрабаваныя і вывучаныя матэрыялы па заяве Сяргея Ткачэнка, і адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, вынесеную 19 жніўня 2017 г. Матэрыялы з пісьмовымі ўказаннямі пракуратуры раёна былі накіраваны для арганізацыі дадатковай праверкі начальніку ўсё таго ж Дзяржынскага РАСК.

"Пра вынікі дадатковай праверкі і прынятым рашэнні Вам будзе дадаткова паведамлена Дзяржынскім РАСК", - паабяцаў намеснік пракурора па Дзержынскім раёне Аляксандр Кардзіс.

Нагадаем, Сяргей Ткачэнка быў збіты супрацоўнікамі міліцыі 9 мая 2017 года. Па заключэнні эксперта яму былі прычынена не менш за 26 цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Апытаныя ў ходзе першапачатковай праверкі супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі прымяненне фізічнай сілы да Ткачэнка.

Пасля таго, як Дзяржынскі РАСК адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў,  Сяргей Ткачэнка падаў скаргу на імя начальніка гэтай дзяржустановы, паколькі палічыў праведзеную следчымі праверку няпоўнай і павярхоўнай.

Тады пракурорам Дзяржынскага раёна Эдуардам Свентухоўскім пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адменена, а матэрыялы адпраўленыя на дадатковую праверку. Аднак, і гэта не прынесла чаканага Сяргеем Ткачэнка выніку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства