viasna on patreon

Прысуд па справе Андрэя Бяляўскага за захоўванне патрона будзе абвешчаны заўтра Дапоўнена

2018 2018-01-11T13:31:00+0300 2018-02-28T13:26:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiauski-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бяляўскі ў судзе.

Андрэй Бяляўскі ў судзе.

Суд Ленінскага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы супраць мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага.

Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў абвінавачваецца ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, адзіны патрон ад аўтамата Калашнікава, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра і быў знойдзены пад час ператрусу ў сакавіку мінулага года, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

У судзе над Андрэеем Бяляўскім 11 студзеня 2017 года.
У судзе над Андрэеем Бяляўскім 11 студзеня 2017 года.

Суд пачаўся ў 10-30. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік. Абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксей Кісляк. Прымаецца рашэнне аб забароне фота і відэаздымак. 

Пачынаецца допыт абвінавачанага. Андрэй Бяляўскі цалкам прызнае сваю віну ў захоўванні боепрыпаса - патрона ад аўтамата Калашнікава.

Ён распавядае, як напачатку лета 2013 года купіў у Рэчыцы аўтамабіль “Гранд Чэрокі». Праз некаторы час знайшоў у салоне аўто, каля задняга сядзення, патрон, які і забраў сабе ў якасці сувеніра.

Увесь час патрон знаходзіўся ў верхняй шуфлядзе стала, пакуль яго не знайшлі пад час вобшуку. Прычым, Бяляўскі дакладна ня ведаў, ці прыдатны патрон, ці сапсаваны.

Суддзя запытваецца пра ягоныя пазнанні аб прыдатнасці патрона, Андрэй кажа, што ў войску не служыў, таму асаблівых навыкаў няма. Ён паведамляе, што ведаў пра адказнасць за захоўванне боепрыпасаў, але ня ведаў пра колькасць, пры якой пачынаецца адказнасць.

Адвакат запытваецца, ці памятаў падсудны ўвесь час пра патрон? Бяляўскі адказвае, што зусім пра яго забыўся і, калі б пра яго згадаў - то выкінуў бы.

У якасці сведкі запрашаюць выступіць маці Бяляўскага – Таццяну Філімонаву. Яна адмаўляецца ад дачы паказанняў, паколькі не хоча сведчыць супраць блізкага чалавека.

Агучваюцца вынікі экспертызы.

У судзе паведамляецца, што за перыяд з 2011 да 2014 года Бяляўскі прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Іншых правапарушэнняў не было. Зачыталі таксама і характарыстыку, прадстаўленую суду участковым інспектарам: скаргаў на яго не паступала, на ўліку ў міліцыі не стаяў.

Суддзя паведамляе аб заканчэнні судовага следства і абвяшчае перапынак да 14 гадзін.

У другой палове дня паседжанне пачалося з выступу пракурора Аляксея Кісляка. 

Кажа, што суду не прадстаўлена доказаў, што патрон перавозіўся ў аўтамабілі. Таму просіць эпізод перавозкі і змяшчэння патрона ў стол зняць з матэрыялаў справы. Просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежаванне волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

Выступае адвакат. Ён нагадвае пра станоўчыя характарыстыка і кажа пра тое, што дзеянні Бяляўскага не носяць ярка выражаны крымінальны характар, указвае, што захоўванне патрона нясе крайне малую ступень грамадскай небяспекі. Просіць прымяніць больш мяккае пакаранне і ўжыць арт. 70 Крымінальнага кодэксу (ніжэй за мінімальнае пакаранне). 

Абаронца просіць улічыць раскаянне абвінавачанага і прызначыць мінімальнае пакаранне ў выглядзе штрафу.

Абвяшчэнне прысуду адкладзена на заўтра ў 9-30.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” сочыць за  крымінальнай справай і ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства