viasna on patreon

Эксперты ААН паставілі перад Беларусcю шэраг нязручных пытанняў

2017 2017-12-02T15:18:29+0300 2017-12-02T15:22:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palaiswilson-ohchr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адсутнасць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека, праблемы з незалежнасцю судовай сістэмы і адвакатуры, наяўнасць прэзідэнцкага дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве, адсутнасць кансультацый дзяржаўных органаў з грамадзянскай супольнасцю – гэтыя і іншыя праблемы, якія характарызуюць агульнае становішча правоў чалавека ў краіне, былі ўзнятыя перад афіцыйнай дэлегацыяй падчас разгляду Беларусі ў Камітэце ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі. Адказы дэлегацыі ў асноўным былі пра тое, што ўсё “ўдасканальваецца”, Беларусь “ідзе сваім шляхам”. Часам адказаць зусім не было чаго.     

Прадстаўніцтва ААН у Жэневе. Фота: un.org
Прадстаўніцтва ААН у Жэневе. Фота: un.org

Разгляд перыядычнага даклада Беларусі аб выкананні Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (КЛРД) праходзіў 30 лістапада – 1 снежня. У афіцыйную дэлегацыю Беларусі на чале з Юрыем Амбразевічам, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН у Жэневе, увайшлі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства адукацыі, Камісіі па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследванняў.

Ад грамадзянскай супольнасці на пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы прадстаўленай у Камітэт альтэрнатыўнай справаздачы, - Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Human Constanta, Ініцыятывы ФОРБ, Цэнтра экспертыз у галіне роўных правоў, эксперт Хельсінкскага Фонда па правах чалавека, а таксама ПЦ “Вясна”, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend і інш.  

Па выніках двухдзённага пасяджэння праваабаронцы акрэслілі кола асноўных пытанняў, якія Камітэт адрасаваў афіцыйнай дэлегацыі Беларусі пасля прадстаўлення даклада.

Экспертаў Камітэта цікавілі перспектывы прыняцця антыдыскрымінацыйнага закона, што было адной з ранейшых рэкамендацый Камітэта, і замацавання ў нацыянальным заканадаўстве паняццяў прамой і ўскоснай дыскрымінацыі. На гэта прадстаўнікі дзяржорганаў адказалі, што згодна з Нацыянальным планам па правах чалавека праца ў гэтым накірунку распачалася ў 2017 годзе і будзе скончана у 2019-ым прыняццем рашэння аб неабходнасці такой працы.  

На пачатку пасяджэння намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Уладзімір Жаўняк адзначыў, што Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі з'яўляецца часткай нацыянальнага заканадаўства і яе нормы ў Беларусі прымяняюцца наўпрост. Але ж экспертаў Камітэта цікавілі канкрэтныя моманты - прымяненне Канвенцыі судамі, спасылкі на яе ў скаргах ахвяраў парушэнняў. І калі дэлегацыю папрасілі прывесці канкрэтныя прыклады, якія б сведчылі пра эфектыўнасць беларускага заканадаўства, адказу не прагучала.

Камітэт выказаў занепакоенасць тым, што цяжар даказвання фактаў дыскрымінацыі, у адпаведнасці з нацыянальным правам, можа быць ускладзены на ахвяру дыскрымінацыі. Адзін з экспертаў, запытаўшыся пра статыстыку па прыцягненні да адказнасці за злачынствы на нацыянальнай глебе, прывёў прыклад, калі такі матыў не быў выяўлены нават тады, калі грамадзянін, абвінавачаны ў вандалізме, адкрыта заявіў аб прыналежнасці да расісцкай арганізацыі.

На пытанні наконт магчымасцяў звароту грамадзянаў у Канстытуцыйны суд, сітуацыі з незалежнасцю суддзяў і ціскам на адвакатаў, адказы афіцыйнай дэлегацыі ў асноўным зводзіліся да пераліку нормаў беларускага заканадаўства, якія дэкларуюць гарантаванне правоў грамдзянаў. Сябры Камітэта выказалі абгрунтаваныя сумневы ў тым, што ў краіне, дзе прэзідэнт сам прызначае і вызваляе ад выканання абавязкаў суддзяў, дзе дзяржава ўмешваецца ў дзейнасць адвакатуры, можна казаць пра незалежныя і справядлівыя судовыя рашэнні. А ў адсутнасці ў грамадзянаў магчымасці звярнуцца ў Канстытуцыйны суд са скаргай на неадпаведнасць нарматыўных актаў Канстытуцыі краіны Камітэт углядае перашкоду ў доступе да правасуддзя.

Сярод довадаў афіцыйнай дэлегацыі супраць увядзення пасады Упаўнаважанага па правах чалавека было агучана існаванне інстытута пракуратуры, якая ўпаўнаважана ажыццяўляць агульны кантроль за парушэннем заканадаўства, у тым ліку правоў чалавека, і гэтага, на думку чыноўнікаў, дастаткова. Як сказаў Юрый Амбразевіч, “міф пра незалежнасць [амбудсмэна – рэд.] мы абмяркоўваць не будзем” і ўвогуле ў большасці краінаў ЕС такой пасады няма. Пазней Аляксей Аўтаномаў, сябра Камітэта з Расійскай Федэрацыі, яго паправіў: у большасці еўрапейскіх краінаў інстытут Упаўнаважанага па правах чалавека ўсё ж існуе, толькі называецца па-рознаму.

Наконт адсутнасці супрацы з НДА пры падрыхтоўцы перыядычнага даклада Юры Амбразевіч адзначыў, што такога абавязка па Канвенцыі няма, а раней супраца з НДА вялася пры падрыхтоўцы даклада ў рамках Універсальнага перыядычнага агляда ў Савеце па правах чалавека. Пазней вядучая паседжання, якая падзякавала прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, выказала спадзяванне, што такія касультацыі ўсё ж адбудуцца ў наступны раз. 

Асобная ўвага Камітэта была надзеленая становішчу прадстаўнікоў народу рома, праблемам мігрантаў і асобаў без грамадзянства ў Беларусі, на што звярнула ўвагу ў альтэрнатыўных справаздачах і грамадзянская супольнасць. Прадстаўнікам дзяржорганаў былі зададзены пытанні адносна трывожных сігналаў пра дыскрымінацыю і прафіляванне рома з боку праваахоўных органаў, ужыванне ў дачыненні да іх мовы варожасці, цяжкасці ў доступе да жылля, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання. Эксперты ААН нагадалі пра “дзіўны закон аб сацыяльным утрыманстве”, здзіўляючыся, як з непрацуючага грамадзяніна можна патрабаваць сплату кампенсацыі за нясплочаныя падаткі, і масавыя затрыманні ў сакавіку за ўдзел у пратэстах супраць гэтага закона. Адзначалася, што асабліва ўразлівымі ў такой сітуацыі становяцца прадстаўнікі народа рома, якія не могуць атрымаць працу альбо вымушаныя выязджаць для працаўладкавання ў Расію.

Адносна пытання пра Дэкрэт №3 і "непад'ёмны цяжар, які кладзецца на ромскі народ", кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі сказаў, што ён кладзецца на ўсіх малазабяспечаных, калі яны не легалізуюць свае даходы.

Напрыканцы Юрый Амбразевіч падзякаваў сябрам Камітэта за прафесіяналізм, адзначыўшы, што яны прадстаўляюць амаль усе кантыненты, аднак пашкадаваў, “што сярод сябраў Камітэта няма цыганаў”.

Нагадаем, па выніках разгляду даклада дзяржавы Камітэт павінен выкласці свае меркаванні і рэкамендацыі ў выглядзе "заключных заўвагаў". Праца 94-й сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі працягнецца ў Жэневе да 8 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства