Някляеў стаў першай ахвярай “жэстачайшай лібералізацыі”
Суд Ленінскага раёна Мінска 1 лістапада, разгледзеўшы матэрыялы справы аб адміністратыўным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КаАП у дачыненні да Уладзіміра Някляева, прызнаў яго вінаватым у інкрымінаваным правапарушэнні і вынес пастанову аб адміністратыўным арышце на 10 сутак.
Падстава для прыцягнення да адказнасці, паводле міліцэйскага пратакола, заключалася ў тым, што спадар Някляеў нібыта заклікаў да ўдзелу ў акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”, чым парушыў парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У матэрыялах справы мелася спасылка на артыкул на сайце “Хартыі-97”.
Забягаючы наперад, скажу, што лічу вынесеную судом пастанову ў дачыненні да спадара Някляева незаконнай і падлягаючай адмене з наступных прычынаў.
Артыкул 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 снежня 1997 года № 114-3 (са зменамі і дапаўненнямі) сапраўды забараняе арганізатарам масавага мерапрыемства, а таксама іншым асобам аб’яўляць у СМІ, глабальнай сетцы Інтэрнэт ці іншых інфармацыйных сетках дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы - да атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства.
У той жа час часткі 1 і 2 артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь у якасці суб’ектаў дадзенага складу правапарушэння (у тым ліку ў часцы публічных заклікаў да арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі і правядзення) утрымліваюць толькі ўдзельнікаў і арганізатараў такіх мерапрыемстваў. Такім чынам, нават калі дапусціць, што спадар Някляеў у інтэрв’ю Белсату заклікаў да ўдзелу ў планаванай акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0” (хаця і гэта не ўглядаецца ў ягоных словах), ён не мог быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП з прычыны таго, што не з’яўляўся ні ўдзельнікам, ні арганізатарам дадзенага мерапрыемства. Адзіным арганізатарам планаванага шэсця, паводле пісьмовага адказу Мінгарвыканкама на адпаведны запыт, быў Мікола Статкевіч.
Такім чынам, у дзеяннях спадара Някляева няма складу правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП. Я вельмі спадзяюся, што дадзеная пастанова ў выніку абскарджання ў Мінскі гарадскі суд будзе адмененая, а вытворчасць па справе - спыненая.
Аднак, спадар Някляеў, можна сказаць, стаў першай ахвярай анансаванай міністрам унутраных спраў Шуневічам “жэстачайшай лібералізацыі”. Справа ў тым, што Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні ўжо быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў”. Паводле артыкула 2 дадзенага Закона, уносяцца змены ў частку 1 артыкула 23.34 КаАП, дзе забарона на публічныя заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах з парушэннем парадку іх арганізацыі і правядзення будзе распаўсюджвацца не толькі на ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў, але і на іншых асобаў. Такім чынам, частка 1 артыкула 23.34 КаАП будзе прыведзеная ў адпаведнасць з артыкулам 8 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Што гэта будзе азначаць на практыцы?
Напрыклад, “расшарванне” ў сацыяльных сетках кім-небудзь (не арганізатарам і не ўдзельнікам мерапрыемства) пастоў з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве будзе ўтвараць склад правапарушэння паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Таксама інтэрв’ю з такімі заклікамі, якое гэтыя іншыя асобы даюць сродкам масавай інфармацыі, будзе пагражаць ім адмінстратыўным арыштам да 15 сутак.
Выпадак са спадаром Някляевым яскрава дэманструе будучыя прававыя падыходы ўладаў. У цэлым жа змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, на нашую думку, карэнным чынам не мяняюць сітуацыю з рэалізацыяй права на мірныя сходы, гарантаванага нам Канстытуцыяй краіны. Магчымасць рэалізацыі гэтага права на практыцы, як і раней, застаецца скрайне абмежаванай, а сам Закон, як і раней, не адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.
Валянцін Стэфановіч, юрыст ПЦ “Вясна”