viasna on patreon

Мікалай Дзядок vs "СБ. Беларусь сёння": суд адмовіў анархісту ў задавальненні пазову Відэа Дапоўнена

2017 2017-09-01T18:10:00+0300 2017-09-01T17:16:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziadok_sud_17.08.2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок ў залі суда

Мікалай Дзядок ў залі суда

1 верасня ў 10.00 у судзе Савецкага раёна г. Мінска працягнуўся разгляд справы па пазову былога палітвязня Мікалая Дзядка да рэдакцыі інтэрнэт-выдання “СБ. Беларусь Сёння” аб абароне гонару і годнасці. 

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Жданок. На папярэднім паседжанні выступілі пазоўнік і адказчыкі – аўтар артыкулу Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага адзела газеты Аляксей Шпілеўскі.

Сёння ж у працэсе адказчыкі прадставілі свой водгук. Асноўная аргументацыя іх заключалася ў тым, што не толькі "СБ. Беларусь сёння" напісала такія непраўдзівыя звесткі, але і іншыя інтэрнэт-выданні, а таксама ў тым, што асобу Мікалая Дзядка нельга прынізіць таму, што яна ітак мае негатыўную афарбоўку, а ў суд ён звярнуўся толькі для таго, каб падвысіць свой аўтарытэт у маргінальных слаях грамадства.

Аднак, заяўнік даводзіў, што такія аргументы ніяк не здымаюць адказнасці за публікацыю непраўдзівых звестак, а тое, што ён знаходзіўся за кратамі, не дае права прыніжаць яго чалавечы гонар і годнасць.

У сваім выступе Андрэй Мукавозчык дазволіў сабе разнастайныя выказванні з афарбоўкамі і эпітэтамі ў бок Мікалая Дзядка. Суддзя некалькі разоў перарываў яго і прасіў казаць па сутнасці справы. Адказчыкі папрасілі суд далучыць да матэрыялаў справы раздрукоўкі артыкулаў з розных інтэрнэт-рэсурсаў, дзе Мікалай Дзядок фігуруе як анархіст, а таксама раздрукоўкі з акадэмічнага слоўніка, дзе прыводзіліся сінонімы слова “хуліган”, такія як “гопнік” і “баклан”. Суд задаволіў далучэнне толькі некаторых дакументаў.

На працягу ўсяго паседжання аўтар артыкула і яго прадстаўнік ўсімі магчымымі сродкамі спрабавалі вызнайсці нейкія зачэпкі і супярэчанні ў дзеяннях і словах заяўніка.

Суд таксама апытаў сведак - маці Валянціну Дзядок і выканаўчую дырэктарку "Экадома" Марыну Дубіну, якія распавялі як пагоршылася стаўленне да Мікалая Дзядка пасля выпуску артыкула, як людзі задавалі пытанні і ім прыходзілася апраўдвацца перад імі за тое, што Мікалай не рабіў.

Да матэрыялаў справы былі далучаныя і характарыстыкі з месцаў навучання Мікалая - ЕГУ і Каўнаскага універсітэта, у якіх ён быў пазітыўна прадстаўлены: высокая паспяховасць і сацыяльная актыўнасць. Пры гэтым адказчыкі былі рэзка супраць далучэнне такіх дакументаў да справы. 

Падчас спрэчак бакоў Мікалай Дзядок сказаў:

“У першую чаргу трэба адзначыць, што гэтага пазову магло б і не быць, калі б  Мукавозчык меў здольнасць на публічную дыскусію і захаванне ім журналісткай і элементарнай чалавечай этыкі. Ніхто не перашкаджаў яму ўзяць у мяне каментар, я чалавек публічны, і пацікавіцца маім меркаваннем па выкладзеных фактах і псеўдафактах. Ён гэтага не зрабіў, што і прывяло да дадзенага судовага разгляду ў канчатковым выніку.

Другім вельмі важным момантам, які я лічу неабходна падкрэсліць, з'яўляецца тая форма, у якой адказчык і яго прадстаўнік у мінулым судовым пасяджэнні і ў гэтым выказвалі свае пярэчанні: сарказм, нетактоўныя і хамскія рэмаркі пра смешнае прозвішча, "пакрыўджанасць", раздрукоўкі пра "гопнікаў" і "бакланаў", фантастычная заўвага Мукавозчыка пра тое, што я быў асуджаны за спробу дачы хабару, на мой погляд, дэманструе катастрафічны недахоп разумнай аргументацыі, а таксама маральны ўзровень адказчыка. Я - "злосны хуліган" - сабе такога не дазваляю.

Таксама хацеў адзначыць, што мае пакуты не абмяжоўваюцца маёй асабістай крыўдай і абразай. Я пакутую таксама ад таго, колькі рэсурсаў, у прыватнасці грошай падаткаплацельшчыкаў, чалавечай працы траціцца на падтрыманне працы сайта і газеты, якія з'яўляюцца рупарам дзяржаўнай прапаганды і ў якіз сістэматычна публікуецца хлусня. Не толькі пра мяне, але і пра многіх іншых людзях. Маральныя пакуты мне даставіла таксама і тое, што маё імя паспрабавалі выкарыстаць для дыскрэдытацыі вясновых пратэстаў у Беларусі. Такім чынам Мукавозчык паспрабаваў абліць брудам не толькі мяне асабіста, але і народ, які падняўся ў абарону сваіх правоў, што на мой погляд дастаткова поўна яго - Мукавозчык - характарызуе.

І пакутую я яшчэ ад усведамлення таго, што такія людзі, як Мукавозчык, якія дазваляюць сабе публікаваць заведама ілжывыя дадзеныя і хаміць ў публічнай сферы, маюць, на жаль, у нас у краіне досыць вялікую аўдыторыю людзей, якія ім вераць, і за дзяржаўныя, чытай - народныя грошы, могуць беспакарана несці хлусню ў інфармацыйную прастору". 

Са свайго боку Андрэй Мукавозчык і Аляксей Шпілеўскі ў спрэчках зноў ціснулі на тое, што публікацыя ілжывых звестак ніякім чынам не зганбіла гонар і годнасць заяўніка, не прычыніла яму ніякіх маральных пакутаў, а Мікалай Дзядок проста выкарыстоўвае дзяржаўную судовую сістэму ў асабістых меркантыльных інтарэсах, і прасілі суд адмовіць ў пазове. 

Напрыканцы паседжання скорагаворкай суддзя Дзмітрый Жданок зачытаў сваё рашэнне:

“Выслухаўшы бакі, сведкаў, даследаваўшы пісьмовыя матэрыялы справы, суд лічыць, што заяўленыя патрабаванні па пазову не падлягаюць задавальненню ў адпаведнасці з арт. 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На падставе выкладзенага суд вырашыў у задавальненні патрабаванняў па пазову Дзядку Мікалаю Аляксандравічу да Мукавозчыка Андрэя Мікалаевіча і установы адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусія” аб абароне гонару і годнасці, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды адмовіць”.

У матывіровачнай часцы суддзя патлумачыў, што сапраўды тыя звесткі, якія знаходзяцца ў публікацыі, не адпавядаюць рэчаіснасці, але не зневажаюць гонар і годнасць заяўніка, адпаведна не могуць быць абвергнутыя. Суд прыйшоў да такой высновы на падставе таго, што Мікалай Дзядок сапраўды быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і прызнаны вінаватым у злосным хуліганстве. У сувязі з вышэйзгаданым у задавальненні заяўленных патрабаванняў асноўнай часткі яму таксама было адмоўлена.

Нагадаем, 29 траўня ў артыкуле “Анархія, маць…”, які на інтэрнэт-сайце газеты “СБ. Беларусь сёння” за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, была размешчана непраўдзівая інфармацыя пра тое, што Мікалай Дзядок атрымаў свой турэмны тэрмін за атаку «кактэйлямі Молатава» расейскай амбасады ў Мінску. Былы палітвязень палічыў, што неадпавядаючыя рэчаіснасці звесткі прыніжаюць яго гонар і годнасць, і звярнуўся ў суд з патрабаваннем іх абароны і кампенсацыі маральнай шкоды.

Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска 27 траўня 2011 года да 4,5 гадоў зняволення па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (“хуліганства, здзейсненная групай асобаў”). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства