У дзеяннях АМАПу, які затрымліваў назіральнікаў на Дзень Волі, парушэнняў не знойдзена
Праваабронца ПЦ “Вясна” Наста Лойка атрымала адказ на свой зварот у Пракуратуру Першамайскага раёну Мінска з нагоды затрымання назіральнікаў БХК і ПЦ “Вясна” падчас інструктажу перад акцыяй на Дзень Волі. Зварот праваабаронцы быў перанакіраваны ў РУУС Першамайскага раёну, які правёў праверку па дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі і ў выніку яе не знайшоў парушэнняў дзеючага заканадаўства з боку міліцыянтаў.
20 чэрвеня Насту Лойку і яшчэ двух назіральнікаў, якія таксама накіроўвалі адпаведныя скаргі, запрасілі ў Першамайскі РУУС для азнаямлення з вынікамі праверкі па справе.
Праваабаронцы “Вясны” далі магчымасць паглядзець толькі заключэнне па факце праверкі. Таксама сярод матэрыялаў праверкі быў рапарт кіраўніка АМАП, які камандаваў затрыманнем, аднак у азнаямленні з гэтым дакументам было адмоўлена.
Цікава, што заключэнне ўтрымлівае ў сябе дзве памылкі. Так, АМАПаўцы ўварваліся на офіс “Вясны” каля 13.00, а не ў 14.00, і ў кватэры знаходзілася 57 чалавек, а не 55, як гэта пазначана ў заключэнні.
З заключэння па факце праверкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі:
У ходзе праверкі ўстаноўлена, што 25.03.2017 каля 14.00 пасля паведамлення пра знаходжанне па адрасе пр-т Незалежнасці, 78а – 48 вялікай колькасці падазроных грамадзян, выбылі супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. У названай кватэры супрацоўнікамі міліцыі была выяўленая апазіцыйная літаратура і іншыя дакументы, якія датычацца дзеянняў апазіцыйна настроеных грамадзян пры правядзенні несанкцыянаваных мерапрыемстваў.
У кватэры знаходзілася 55 чалавек. Для разбіральніцтва, высвятлення асобаў і праверкі на датычнасць да планавання масавых беспарадкаў у г. Мінске, грамадзяне, якія знаходзіліся ў кватэры, былі дастаўленыя ў Першамайскі РУУС Мінска. Пасля высвятлення асобаў і правядзення праверачных мерапрыемстваў грамадзяне былі адпушчаныя з будынку РУУС, - паведамляецца ў заключэнні праверкі, якую праводзіў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік Аляксандар Скуратовіч.
Па выніках праверкі ўпраўленне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну не знайшло парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, якія 25 сакавіка ажыццяўлялі затрыманне назіральнікаў.
Наста Лойка, якая засталася незадаволенай вынікамі праверкі, плануе накіраваць зварот у Міністэрства ўнутраных спраў.
"Канешне, мяне не задавальняе тое, што грубы налёт на офіс, затрыманне і сарванае назіранне абгрунтоўваецца такімі фразамі, а таксама павярхоўнай парверкай у адзін рапарт. Пры нармальнай прававой працэдуры я бы звярнула на гэта ўвагу пракуратуры. Але, з улікам беларускіх рэалій, лічу больш важным звярнуцца ў МУС і патлумачыць, што абмежаванні ў правах павінны быць больш аргументаваныя, а таксама пра тое, чым адрозніваюцца праваабаронцы ад прадстаўнікоў апазіцыі і як правяраецца датычнасьць да “арганізацыі масавых беспарадкаў”. Калі МУС раптам пачне клапаціцца за свой імідж у грамадстве, яму будзе да чыіх парадаў звярнуцца".
Нагадаем, што 25 сакавіка а 12-й гадзіне ў офісе ПЦ "Вясна" распачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Каля 13-й гадзіне ў офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы. Людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць, пачалі вобшук. Затым назіральнікаў даставілі ў Першамайскі РУУС, адкуль потым адпусцілі без складання пратаколаў.