FIDH: ААН мусіць прадэманстраваць сваю здольнасць рэагаваць
У чарговы раз сутыкнуўшыся з крытыкай, Савет па правах чалавека ААН мусіць прадэманстраваць сваю значнасць на летняй сесіі, якая адкрылася 6 чэрвеня ў Жэневе. Беларусь, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Бурундзі. FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і яе сяброўскія арганізацыі агучылі свае прыярытэты на 35-й сесіі Савета.
Міжнародныя праваабаронцы настойваюць на неабходнасці падаўжэння мандата па беларускім пытанні.
Як неаднаразова адзначалася FIDH і яе сяброўскай арганізацыяй Праваабарончым цэнтрам «Вясна», у апошнія месяцы сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршаецца, што прывяло да жорсткіх рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і затрымання назіральнікаў у выніку нападу супрацоўнікаў міліцыі на офіс «Вясны» ў Мінску раніцай 25 сакавіка напярэдадні дэманстрацыі супраць уведзенага ўрадам Лукашэнкі падатку на беспрацоўе.
Два чалавекі, якія ў цяперашні час знаходзяцца у месцах пазбаўлення волі, былі прызнаныя палітычнымі вязнямі пасля кароткага перыяду з часу вызвалення ўсіх ранейшых палітычных зняволеных. Акрамя таго, у 2016 годзе адбылося вяртанне да выкарыстання смяротнага пакарання, што прывяло да рэкорднай колькасці расстрэлаў пачынаючы з 2008 года.
Пагаршэнне сітуацыі было засведчана Спецыяльным дакладчыкам ААН Міклашам Харасці ў яго апошнім дакладзе. Яго рэкамендацыя простая:
“Такім чынам, цяперашні ўзровень кантролю з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да правоў чалавека ў Беларусі павінен быць захаваны, асабліва ўлічваючы рэакцыю на нядаўнія дэманстрацыі”.
Таму Савет павінен дзейнічаць і падтрымаць падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка. У сувязі з ростам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі вельмі важна, каб міжнародная супольнасць пацвердзіла сваю падтрымку адзінага эфектыўнага і паўнавартаснага міжнароднага інструменту кантролю за выкананнем правоў чалавека ў краіне, падкрэсліваюць праваабаронцы.