viasna on patreon

ЦІП: рэжым прагулак выконваецца, арыштаваныя сцвярджаюць, што не

2017 2017-06-08T11:31:41+0300 2017-06-08T12:49:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina-cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Адміністратыўна арыштаваныя ўдзельнікі сакавіцкіх акцый пратэсту пачалі атрымліваць адказы на свае скаргі, датычныя ўмоваў утрымання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ў ІЧУ Жодзіна.

Так, затрыманы 15 сакавіка Юрый Наўмовіч накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на умовы утрымання ў ЦІП на Акрэсціна. У адказе, які даў Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС РБ, паведамляецца, што факты парушэнняў часткова мелі месца.

“Па выяўленых парушэннях кіраўніцтву ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама дадзены прапановы па іх ліквідацыі і ўзмацненні кантролю за выканеннем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры ўтрыманні асобаў, у адносінах да якіх ужываецца адміністратыўнае затрыманне. Выкананне прапаноў ўзята на кантроль санітарна-эпідэміялагічнай службай МУС Рэспублікі Беларусь", - паведамляецца ў адказе на скаргу.

Таксама ў адказе паведамляецца, што, у сувязі са скаргай Ю. Наўмовіча на незадавальняючую якасць ежы, на адрас галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Маскоўскага раёну Мінска накіраваны ліст з прапановай узмацніць санітарны надзор над кафэ “ПабЕда” (належыць ЗАА “Ажына”), якое забяспечвае харчаванне арыштантаў у ЦІП на Акрэсціна.

Каб высветліць, якія менавіта парушэнні ўмоваў утрымання ў ЦІП выявіліся падчас праверкі, Юрый Наўмовіч наведаў Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі МУС. Там Наўмовічу паведамілі, што прапановы па паляпшэнні тычацца асвятлення, стану пітной вады, сістэмы вентыляцыі і аздаблення камер у ЦІП. Таксама былы арыштант скардзіўся на малую колькасць прагулак (за 10 дзён арышту было толькі 2 прагулкі), а з вынікаў праверкі вынікае, што дакладна ўстанавіць, ці выконвалася гэтая нормы, немагчыма. Прычына – адсутнасць відэазапісаў з камер назірання, якія маглі б паказаць, выводзілі арыштантаў на прагулкі, альбо не. Супрацоўнік ЦІП Жураўлёў патлумачыў правяраючай камісіі, што сістэма відэаназірання працуе ў тэставым рэжыме, і часам адбываюцца збоі, што і здарылася ў сакавіку.

У выніку, запісы ў журнале ЦІП сведчаць аб тым, што рэжым прагулак выконваўся, а былыя арыштанты кажуць, што не.

Акрамя ўсяго іншага, па словах Жураўлёва, будынак ізалятару дагэтуль не здадзены ў эксплуатацыю пасля рамонту, які скончыўся яшчэ ў пачатку 2016 года.

Яшчэ адну скаргу ў Жодзінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Юрый Наўмовіч накіраваў адносна ўмоваў утрыманняў у жодзінскім ІЧУ. Праверкай таксама займаўся Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС РБ і ў выніку ніякіх парушэнняў не выявіў.

Наконт умоваў утрымання ў жодзінскім ІЧУ камісія, якая ажыццяўляла праверку, амаль ніякіх звестак не прадставіла. У ІЧУ камісіі патлумачылі, што ў сакавіку арыштанты ўтрымліваліся там у адпаведнасці з нормамі, якія распаўсюджваюцца на адміністрацыйна затрыманых. А зараз тое крыло ізноў аддалі пад турму і прывезлі зняволеных, што прадугледжвае зусім іншыя нормы ўтрымання.

“Падчас нашага знаходжання ў камерах было холадна і вільготна, у кутках была цвіль.  На столі была вялізная расколіна, з якой пастаянна дзьмула. Менавіта на гэта я скардзіўся. Аднак у ІЧУ сказалі, што тэмпературны рэжым выконваецца, памяшканні праветрываюцца, вада і сродкі асабістай гігіены даступныя для усіх”, – кажа Юрый Наўмовіч пасля знаёмства з вынікамі праверкі.

Далей Юрый Наўмовіч плануе накіраваць зварот у ГУУС Мінгарвыканкама з просьбай даць тлумачэнні, якім чынам у ЦІП будуць выконвацца рэкамендацыі, дадзеныя Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі МУС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства