viasna on patreon

У Берасці пакаралі арыштамі Аляксандра Кабанава і Зміцера Гарбунова Дапоўнена

2017 2017-05-03T16:56:47+0300 2017-05-04T08:58:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabanau-31.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кабанаў.

Аляксандр Кабанаў.

У судзе Ленінскага раёна Берасця разглядаюцца адміністрацыйныя справы блогера Зміцера Гарбунова і грамадскага актывіста з Бярозы Аляксандра Кабанава.

Суды пачаліся яшчэ ўчора, аднак Гарбуноў і Кабанаў хадайнічалі аб прадастаўленні адвакатаў, таму іх працэсы перанесеныя і абодва адпушчаныя да суда. Ім выдалі позвы на 3 траўня.

Суд над Кабанавым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 і ч.3 арт. 23.34 КаАП, прызначаны на 11-ю гадзіну, над Гарбуновым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 КаАП, - на 14:30.

Сёння суддзя Дзмітрый Шурын забараніў весці пад час працэсу відэаздымкі і аўдыёзапіс.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічае ў судзе паведаміў, што згодна з пратаколам правапарушэння, Кабанаў пры затрыманні на вуліцы Кірава аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі Хомічу, таму і быў складзены прратакол па артыкуле  23.4 КаАП.

Адвакат кажа, што Кабанаў пры затрыманні патрабаваў адваката, але ягонае права было парушана, апроч таго адвакат просіць вярнуць справу на дапрацоўку дзеля выпраўлення памылак і недахопаў.

Кабанаў распавёў, што 1 траўня ў 9-10 раніцы пад'ехалі 2 ці 3 машыны з людзьмі ў цывільным.

“Я абудзіў Гарбунова, у якога быў у гасцях, у гэты момант загрукалі ў дзверы. Гарбунову людзі ў цывільным сказалі, што нас трэба апытаць. Ма запатрабавалі даслаць позву і прыйсці ў форме. Яны пайшлі, але пад'ехаў АМАП. Мы адчынілі дзверы і каля 12 гадзін нас з хаты даставілі ў Ленінскі РАУС г. Брэста, дзе я прасядзеў на калідоры больш за 3 гадзіны”.

 Быў дапытаны сведка - участковы Хоміч Андрэй Леанідавіч. Таксама ў якасці сведкі выступіў Зміцер Гарбуноў:

“Закліку да ўдзелу у мерапрыемстве не было, лічу, што ў дзеяннях Кабанава не было прыкмет правапарушэння. Кабанаў у размове з якімі бы то не было асобамі праз дзверы не ўдзельнічаў”.

Суддзя пастанавіў пакараць грамадзкага актывіста Аляксандра Кабанава адміністрацыйным арыштам па арт. 23.34 на 10 сутак, па арт. 23.4 КаАП – 5 сутак. З улікам часу праведзенага пад вартай – 11 сутак.

Разглядаецца справа блогера Зміцера Гарбунова.

Адвакат хадайнічае аб далучэнні да справы дакументаў, якія сведчаць што у Гарбунова маці – інвалід, а таксама відэазапіс затрымання.

Згодна пратаколу 1 траўня Гарбуноў аказаў непадпарадкаванне маёру Ігару Кандрацюку,  адмовіўшыся ісці ў РАЎС.

Гарбуноў патлумачыў, што пратакол яму не выдаваўся, суддзя паабяцаў выдаць копію пасля суда:

“Ад подпісу я адмовіўся, мне ніхто не прапанаваў, я не магу падпісвацца пад тым, чаго я не рабіў. Я не адкрыў дзверы чалавеку ў цывільным бо сумняваўся, што гэта міліцыянер, няхай у форме прыходзіць”.

Сведкі па справе - супрацоўнік міліцыі Георгій Войтка і пенсіянер Аляксандр Ячнік.

Пасля прагляду відэа Гарбуноў кажа, што людзі ў цывільным былі пад пад'ездам з 9 раніцы, сведкаў міліцыянтаў у форме не было. Ён хадайнічае аб тым, каб выклікалі ў суд сведкамі супрацоўнікаў у цывільным, просіць вызначыць іх асобы.

Суддзя адхіліў хадайніцтва.

Наступнае хадайніцтва - аб допыце ў якасці сведкі Аляксандра Кабанава. Яго яшчэ не адвезлі пасля суду ў ІЧУ. Суддзя робіць перапынак на 10 хвілін.

Суддзя выносіць пастанову: парушыў арт. 23.34 2КаАП, арышт 10 сутак з залічэннем 2 сутак затрымання да суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства