У Мінску асудзілі ўдзельнікаў "Першамаю" Відэа
2 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшлі суды над удзельнікамі мірнай акцыі пратэсту, што адбылася ў цэнтры сталіцы 1 траўня. Да суда ўсе затрыманыя знаходзіліся ў ЦІПе на Акрэсціна.
Адміністрацыйную справу ў дачыненні да сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Яго вінавацілі па ч.3 арт. 23.34 КаАП - удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яшчэ адзін пратакол на палітыка быў складзены супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС - за мітынг у абарону Курапатаў 3 сакавіка.
Вікторыя Шабуня прызнала Паўла Севярынца вінаватым у здзяйсненні правапарушэнняў і пакарала 15 суткамі арышту.
Справу актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Максіма Вінярскага разглядаў суддзя Міхаіл Хома. Ён таксама прызнаў Вінярскага вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакараў 15 суткамі арышту. На знак пратэсту Максім Вінярскі аб'явіў галадоўку да вызвалення.
Акрамя таго, сёння павінны судзіць актывістку з Брэста Наталлю Папкову. Як высветлілася, дзяўчына таксама была затрыманая ўчора пасля выступу на мінскай акцыі.