Валянцін Стэфановіч: Уладам выгодна падтрымліваць “страшылку” пра анархістаў
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра справу новага беларускага палітвязня Вячаслава Касінерава.
“Касінераў нічога не здзейсніў, каб яго дзеянні можна было кваліфікаваць, як крымінальнае злачынства”, – адзначае праваабаронца.
Нагадаем, што днямі праваабаронцы прызналі палітвязнем Вячаслава Касінерава, арыштаванага за перформанс. 28 сакавіка 2017 года стала вядома, што актывісту Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага ў Мінску, прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Абвінавачаны ўзяты пад варту і пераведзены ў СІЗА, дзе ўтрымліваецца па сённяшні дзень.
Падставай для крымінальнага пераследу стала праведзеная ім 12 сакавіка каля будынку МУС у сталіцы акцыя-перформанс. Яна выразілася ў тым, што актывіст накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расійскай імперыі, усталяваную па замове міністра ўнутраных спраў каля будынка МУС падчас святкавання стагоддзя беларускай міліцыі ў лютым гэтага году. Такім чынам актывіст выказаў свой публічны пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
– “Справа Касінерава” ўкладаецца ў агульны кантэкст тых падзей, што мы бачым у апошні час у Беларусі, – кажа Валянцін Стэфановіч. – А гэта – нагнятанне атмасферы страху, што накіравана на збіццё хвалі пратэстаў, якія назіраліся афктычна на працягу паўтары месяца.
– Адна справа адсядзець на “сутках” альбо атрымаць штраф і зусім іншая, калі за хуліганскі ўчынак можна атрымаць рэльны тэрмін зняволення…
– Мы ў сваёй заяве і падкрэсліваем, што Касінераў нічога не здзейсніў, каб яго дзеянні можна было кваліфікаваць, як крымінальнае злачынства. Ды і сам ён на відэа заяўляў, што гэта быў такі своеасаблівы перформанс-пратэст супраць самавольства міліцыі.
Тут таксама можна ўзгадаць гісторыю з ранейшым пераследам Касінерава, бо яго ўжо не першы раз збіраюцца за хуліганства асудзіць. У 2015 годзе таксама была крымінальная справа, звязаная з графіці і білбордамі. Тады некаторых хлопцаў нават у СІЗА пасадзілі, а Вячаслава збілі і, дарэчы, вінаватага так і не знайшлі.
Праваабаронцы таксама тады не былі згодны з кваліфікацыяй такіх дзеянняў. Мы лічылі, што быў палітычны матыў, скіраваны на ізаляцыю моладзевых актывістаў. Праўда, тады суд перакваліфікаваў гэтыя дзеянні на больш мяккі артыкул (“псаванне маёмасці”), і ўсё абыйшлося штрафамі. Хаця сама справа працяглы час каментавалася па БТ, дзе хлопцаў абвінавачвалі ледзь не ў стварэнні экстрэмісцкай групы і распальванні варожасці. А затым ніхто такіх абвінавачванняў афіцыйна нават і не прад’явіў.
– Неабходна было стварыць для публікі вобраз небяспечных людзей?
– Так, і гэта натуральным чынам парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці людзей. Іх праслухоўвалі, і на судзе высвятлілася, што гэта адбывалася яшчэ да таго, як хлопцы гэтыя графіці зрабілі. Таму інтарэс спецслужбаў да актывістаў быў вельмі пільны. Іх расцэньвалі, як патэнцыйна небяспечную групу, якая можа ладзіць акцыі пратэсту.
Тое самае, відаць, зараз адбываецца і з Касінеравым, якога ацэнваюць, як чалавека, які можа арганізоўваць пратэсты.
– Апошнім часам у дзяржаных СМІ таксама прайшла “антыанархіская кампанія”. Магчыма, справа Касінерава ідзе ў звязцы з гэтай кампаніяй?
– Натуральна, бо ўлады ж не дарэмна палохаюць людзей анархістамі, выкарыстоўваючы сусветны досвед. Да слова, у Еўропе анархісцкія рухі бываюць вельмі розныя і некаторыя з іх насамрэч з’яўляліся і з’яўляюцца экстрэмісцкага кшталту і ствараюць пэўныя праблемы для правапарадку. Тут можна ўзгадаць і дэманстрацыі 1 мая ў Берліне, і падзеі ў Грэцыі, калі пратэсты анархістаў былі далёка не мірныя. Акцыі суправаджаліся пагромамі, а паліцыі даводзілася ўжываць сілу і спецсродкі, каб супакоіць хуліганаў.
Але ж у нашай сітуацыі анархістаў затрымлівалі 15 сакавіка падчас абсалютна мірнай акцыі. Так, некалькі чалавек закрывалі свае твары хусткамі, што забараняецца законам “Аб масавых мерапрыемствах”, і ў прынцыпе міжнароднымі стандартамі не падтрымліваецца. Але ад гэтага характар дэманстрацыі не змяніўся, яна не перарасла ў не мірную, і дэманстранты нават з маскамі ніякім чынам сваімі дзеяннямі парадак не парушалі. Яны нават патэнцыйна не ўяўлялі пагрозу грамадскаму парадку.
Але “страшылку” пра анархістаў уладам выгодна падтрымліваць. Не дарэмна ў заяве МЗС пасля падзей 25 сакавіка жорсткія дзеянні міліцыі апраўдваліся тым, што, маўляў, акцыя не мае ніякага дачынення да права на мірныя сходы, бо туды прыцягваюцца розныя анархісты. Усё гэта тыражавалася ў дзяржаўных СМІ, а зараз яшчэ і завялі крымінальную справу на “небяспечнага” анархіста Касінерава, які накінуў пятлю на помнік.