У Гомелі ціск на журналістку Ларысу Шчыракову працягваецца праз сям’ю
Да бацькоў журналісткі Ларысы Шчыраковай 18 лютага наведаліся супрацоўнікі міліцыі, якія пагражалі, што Інспекцыя па справах непаўнагадовых забярэ яе сына ў інтэрнат.
Пра гэта Ларыса сёння напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
На думку журналісткі, падставай для надання яе сямʼі статусу сацыяльна-небяспечнага становішча можа стаць неаднаразовае прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Такое меркаванне яна выказала ў каментары сайту “Белсата”.
Апошні раз Ларысу Шчыракову судзілі ў сувязі з Маршам недармаедаў, які праходзіў у Рагачове 12 сакавіка. Паводле рашэння старшыні суду Гомельскага раёну Раісы Васільеўны Кавалевіч, журналістка павінная выплаціць Br 161 (сем базавых велічыняў) штрафу паводле артыкулу 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»).