Супраць Ігара Грышанава ўзбуджаная крымінальная справа
Аршанскага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Грышанава 15 сакавіка вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання, у якім ён знаходзіўся трое сутак. Пра гэта паведамляе назіральніца ПЦ "Вясна".
Раней у СМІ паведамлялася, што ў дачыненні да Грышанава праводзяцца следчыя дзеянні, яго дапытваюць у межай нейкай крымінальнай справы. Толькі сёння, па вызваленні, стала вядома, што супраць актывіста ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 артыкула 211 Крымінальнага Кодэксу (прысваенне альбо растрата маёмасці).
Сябры Ігара Грышанава звязваюць затрыманне з тым, што Ігар мог бы ўзяць удзел у «Маршы недармаедаў», які прайшоў у Воршы 12 сакавіка. Але ён раптоўна знік у 11 гадзін раніцы ў дзень акцыі.
Зараз Ігар Грышанаў з адвакатам пішуць скаргу на незаконнае затрыманне.
Нагадаем, 7 сакавіка невядомыя асобы ажыццявілі напад на сядзібу ў Стаўрах, якая належыць актывісту. Зламыснікі ўзламалі замкі і патрапілі ў памяшканне. Зніклі толькі дакументы, якія тычыліся грамадскай дзейнасці актывіста. А 11 сакавіка следчыя ўзбудзілі крымінальную справу, у межах якой і затрымліваўся Грышанаў.
На аграсядзібе ў Стаўрах вядуцца следчыя дзеянні, накладаецца арышт на маёмасць.