Усіх траіх анархістаў перазатрымалі ў Брэсце
Як стала вядома, адзін з асуджаных на 5 сутак анархістаў за удзел у "Маршы недармаедаў" у Брэсце не выйшаў сёння з ІЧУ.
Пра тое, што Андрэй Дзянюшкін своечасова не вярнуўся дадому, паведаміла ягоная маці. Ён быў перазатрыманы і суд над ім верагодна адбудзецца ў панядзелак.
Бліжэйшым часам павінны выйсці Руслан Халікаў і Дзмітрый Ляўчук. Аднак па выніку хлопцы таксама не пакінулі сцены ІЧУ і застануцца пад вартай да панядзелка. У чым іх вінавацяць невядома. Магчыма гэтыя адвольныя затрыманні звязаныя з "Маршам недармаедаў", што плануецца 11 сакавіка ў Пінску.
Нагадаем, 5 сакавіка ў Брэсце адбыўся “Марш недармаедаў”, дзе ініцыятыву па правядзенні мітынгу і шэсця ўзялі на сябе анархісты. Разам з мітынгоўцамі яны заблакавалі на некалькі хвілін цэнтральную вуліцу горада - праспект Машэрава. Пасля мітынгу трое анархістаў былі затрыманыя і арыштаваныя судом.
Акрамя таго, 9 сакавіка пры сустрэчы аднага з арыштантаў былі затрыманыя тры чалавекі. Дваіх апыталі і адпусцілі, а трэццяга - Андрэя Марача асудзілі да 5 сутак.