Пасля маршу недармаедаў у Берасці затрымалі анархістаў, у Бярозе – Кабанава
Пасля акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3, якая адбылася 5 сакавіка ў Берасці, супрацоўнікі міліцыі правялі затрыманне самых актыўных удзельнікаў маршу недармаедаў.
Так, у прыватнасці, затрыманыя 5 прадстаўнікоў анархісцкага руху, на якіх пасля акцыі ўчынілі сапраўднае паляванне па ўсім горадзе. Адзін з іх – Андрэй Д, знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУСа.
Анархісты ў колькасці паўтары дзесяткі чалавек, па-сутнасці, былі самымі арганізаванымі на акцыі пратэсту і здолелі павесці за сабой астатніх удзельнікаў мітынгу.
Падрабязнасці затрымання ды іх далейшы лёс спрабуюць высветліць праваабаронцы.
Увечары стала вядома, што ў Бярозе таксама затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў, які таксама ўдзельнічаў у берасцейскім маршы.