viasna on patreon

Ульяна Захаранка прэзідэнту: «У Вас дастаткова паўнамоцтваў, каб расследаваць справу»

2017 2017-02-15T12:52:46+0300 2017-02-15T12:53:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zaharanka_uliana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ульяна Захаранка

Ульяна Захаранка

Маці зніклага 17 гадоў таму палітыка Юрыя Захаранкі звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, паведамляе Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Падштурхнулі яе да гэтага словы самога прэзідэнта падчас грамадскай дыскусіі «Вялікая размова з Прэзідэнтам» 3 лютага 2017 года:

«Па-мойму, Віця Ганчар або нехта яшчэ былі сфатаграфаваныя ў Германіі. Мы за гэта ўхапіліся і пачалі тарпедаваць немцаў: адкуль гэтыя фатаграфіі? Дзе? Адказу мы да гэтага часу не атрымалі...»

Ульяна Захаранка прапануе прэзідэнту свой план расследавання гучных спраў:

«З Вашых слоў вынікае, што Вы валодаеце інфармацыяй або фатаграфіямі названых Вамі асоб. Звяртаюся да Вас з просьбай прадаставіць мне, а таксама следчым органам гэтую інфармацыю, фатаграфіі і крыніцу іх атрымання».

Маці зніклага палітыка паведамляе прэзідэнту аб канкрэтных асобах, якія могуць праліць святло на ход расследавання:

«Неабходна дапытаць наступных асоб: Ул. Шэймана, Ю. Сівакова, Д. Паўлічэнку, Н. Васільчанку, Н. Лапаціка, А.Бажэлку, В. Мацкевіча, М. Снегіра, якія валодаюць інфармацыяй аб знікненнях. Таксама неабходна дапытаць афіцэраў і ваеннаслужачых Мекіянца, Балыніна, Будзько, Кокліна, Мурашку і іншых супрацоўнікаў, якія, магчыма, прымалі ўдзел у выкраданьні майго сына, а таксама праверыць на дачыненне да яго выкрадання В. Ігнатовіча, А. Гуза, М. Маліка і С. Саўшкіна.

Мяркую, што Вы валодаеце ўсімі паўнамоцтвамі для паскарэння папярэдняга расследавання і перадачы крымінальнай справы ў суд».

У лісце Ульяна Рыгораўна закранае яшчэ адно нявырашанае судовымі органамі пытанне - прызнанне яе сына памерлым:

«Мне 93 гады. 17 гадоў я, з'яўляючыся пенсіянеркай, адчуваю матэрыяльныя цяжкасці, калі аплочваю ўтрыманне маёмасці сына. Пры гэтым я не магу ні распарадзіцца гэтай маёмасцю, ні звярнуцца па пенсію з нагоды страты карміцеля, паколькі для вырашэння гэтых пытанняў мне неабходна рашэнне суда. Суды, аж да Вярхоўнага, адмовілі мне ў задавальненні маёй заявы аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым.

Пры гэтым аналагічныя заявы аб прызнанні без вестак адсутнымі і памерлымі Святланы Завадскай, Ірыны Красоўскай, Зінаіды Ганчар - жонак зніклых палітыкаў, суды Фрунзенскага і Савецкага раёнаў г. Мінска разгледзелі па сутнасці і вынеслі станоўчыя рашэнні.

«У грамадстве шмат розных версій. Я самы зацікаўлены чалавек, але я больш нічога не ведаю. Аб нябожчыках, калі яны сышлі з нашага жыцця, дрэнна не гавораць, але я ўсё ж такі спадзяюся, што дзесьці іх сляды ёсць". Гэта Вашы словы падчас сустрэчы з журналістамі. Мне падаецца, што Вы ведаеце больш, чым сказалі.

Прашу Вашага ўмяшання ў сітуацыю з грамадзянскай справай аб прызнанні майго сына памерлым. Следчыя органы краіны за 17 гадоў не ўстанавілі асобаў, вінаватых у ягоным выкраданьні і, магчыма, забойстве. Магчыма, Вы зрушыце з мёртвай кропкі хоць бы гэтую грамадзянскую справу».

Свой ліст прэзідэнту Ульяна Захаранка суправаджае зваротамі ў Следчы Камітэт і Генеральную пракуратуру і адказамі на іх.

Усе гэтыя 17 гадоў Ульяна Захаранка, яе нявестка Вольга звярталіся ў следчыя органы з просьбамі ўстанавіць асобаў, вінаватых у знікненні Юрыя Захаранкі і перадаць справу ў суд. Дзеянні следства зводзяцца да чарговага прадаўжэнню тэрміну папярэдняга расследавання на тры месяцы. Што робіць следчы кожныя тры месяцы, маці палітыка да гэтага часу ніхто не даў адказу. У ходзе ўзаемадзеяння са следствам даходзіла да відавочнага парушэння закона, калі маці зніклага экс-міністра МУС адмаўляліся прызнаць пацярпелай па справе.

З дапамогай юрыстаў Беларускага дакументацыйнага цэнтра Ульяна Захаранка неаднаразова звярталася з хадайніцтвамі, скаргамі ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру. Яна лічыць, што крымінальныя справы Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага і Д.Завадзкага неабходна аб'яднаць у адну вытворчасць з кваліфікацыяй дзеянняў па арт. 128 КК РБ "Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства