viasna on patreon

Справа Андрэя Бандарэнкі перададзена ў суд

2017 2017-01-24T13:41:11+0300 2017-01-24T21:43:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Праваабаронцам стала вядома, што 18 студзеня пракуратура г. Магілёва накіравала крымінальную справу супраць Андрэя Бандарэнкі ў суд Ленінскага раёна г.Магілева. Яго вінавацяць па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса - “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”, за што асуджанаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Цікава, што ў пракуратуры справа разглядалася ўсяго адзін дзень – 17 студзеня. На сённяшні дзень невядома, якім чынам будзе праходзіць судовы працэсс: даставяць Андрэй Бандарэнку ў суд Ленінскага раёна ці справа будзе разгледжана на тэрыторыі турмы, як гэта адбылося са зняволеным гэтай жа ўстановы, былым палітвязнем Мікалаем Дзядком. Верагодна, дата суда будзе прызначана бліжэй да сярэдзіны лютага.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Андрэй Бандарэнка па-ранейшаму моцна абмежаваны ў перапісцы: ягоныя лісты не выходзяць за сцены турмы, таксама невядома ці атрымоўвае сам зняволены лісты, якія накіраваныя яму.

Акрамя таго, на 10 гадзін раніцы 8 лютага ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны касацыйны разгляд па скарзе на спагнанне, якое было вынесена Андрэю Бандарэнка за небыта неякасна зробленыя канверты, а таксама непрадстаўленне рапарту супрацоўніку турмы адпаведным чынам. 19 снежня суд Ленінскага раёна г. Магілёва ўстаў на бок адміністрацыі турмы №4 і адмовіў у задавальненні скаргі асуджанага.


Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства