Суд над Уладзімірам Кондрусем працягнецца 26 снежня
“Наколькі мне вядома, зараз сын знаходзіцца ў турэмнай лякарні, – распавяла сайту palitviazni.info Галіна Васільеўна, маці беларускага палітвязня. – Па некаторых звестках, суд над ім можа працягнуцца на наступным тыдні – 26 снежня”.
Судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Нагадаем, затрымалі Кондруся 14 чэрвеня гэтага году ў межах папярэдняга расследвання. Пасля ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска, дзе трымаў галадоўку.
Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным.
“Па некаторых звестках, суд над сынам можа працягнуцца на наступным тыдні – 26 снежня,– кажа Галіна Васільеўна, маці Кондруся. – Суддзя, якая вядзе гэты судовы працэс, была ў адпачынку, але зараз ужо выйшла на працу. Таму, мяркую, суд насамрэч працягнецца ў бліжэйшыя дні”.
Як вядома, Уладзімір Кондрусь прайшоў комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, але пра яе вынікі пакуль не паведамляецца.
“Калі перадавала ў ізалятары перадачу, запыталася пра вынікі экспертызы, але мне сказалі, што не маюць права даваць такую інфармацыю, – працягвае суразмоўца. – Сын працягвае знаходзіцца ў турэмнай лякарні. Там асобны пакой, свой ложак. У лякарні крыху прасцей, бо ў агульнай камеры Валодзя вельмі пакутуе – ён не пераносіць цыгарэтны смурод. Дарэчы, пісалі, што сын вены на судзе парэзаў, але там больш драпіны, чым парэзы. Нават павязку не накладвалі. Доктар мне таксама паведаміў, што шыць рукі не давялося. А ўвогуле, са слоў адваката, адчувае сябе Валодзя нармальна, чакае працягу працэса…”
Праваабаронцам стала вядома, што разгляд крымінальнай справы ўдзельніка Плошчы -2010 Уладзіміра Кондруся працягнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 26 снежня. Пачатак у 10-30.