viasna on patreon

Жана Пцічкіна рыхтуе пазоў аб спагнанні кампенсацыі за смерць сына ў СІЗА

2016 2016-12-07T13:13:59+0300 2016-12-07T13:22:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_pa_pcichkinu_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса

Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса

Маці загінулага ў Мінскім СІЗА №1 мінчука Ігара Пцічкіна, рыхтуе пазоў аб спагнанні маральнай і матэрыяльнай шкоды з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС і фельчара ізалятара Аляксандра Крылова. Турэмнага лекара суд Маскоўскага раёна Мінска 21 кастрычніка прызнаў вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента (ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса), і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. 

Крылоў абскардзіў прысуд у апеляцыйным парадку ў Мінскім гарадскім судзе, калегія якога  25 лістапада знайшла падставы для змякчэння пакарання на два месяцы.

“Суддзя выключыла з матывіровачнай часткі прысуду спасылку, якая абцяжарвае адказнасць Крылова ў здзяйсненні злачынства ў адносінах да сына, які знаходзіўся ў бездапаможным стане, дапусціўшы, што Пцічкін меў магчымасцть падняцца з ложка, а таму ягоны стан быў не зусім бездапаможны. На падставе гэтага тэрмін пакарання быў зніжаны да 2 гадоў 10 месяцаў” – распавяла праваабаронцам Жана Пцічкіна.

Жана Пцічкіна, якая  больш трох гадоў дамагалася ўзбуджэння крымінальнай справы, зараз праз суд скарыстаецца правам на падачу пазову аб спагнанні маральнай і матэрыяльнай шкоды і будзе спрабаваць атрымаць кампенсацыю за гібель сына і за тыя пакуты, якія яна ў сувязі з гэтым вынесла. 

Каментуючы пазіцыю фельчара Аляксандра Крылова на судзе, Пцічкіна з прыкрасцю адзначае: “Фельчар нават не выбачыўся перад намі, не глянуў у наш бок, не выказаў аніякага спачування”.

Жана Пцічкіна распавяла праваабаронцам аб тым, што яна не пакідае надзеі высветліць, адкуль на целе сына з’явіліся сінякі і гематомы, якія зафіксаваныя ў матэрыялах крымінальнай справы. Раней ёй было адмоўлена ва ўзбуджэнні справы па факце нанясення сыну цялесных пашкоджанняў, якія маглі паслужыць прычынай ягонай смерці.  Зараз маці разам з адвакатам падрыхтавала скаргу ў пракуратуру Маскоўскага раёна, у якой просіць правесці па гэтым факце дадатковую праверку.

Жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года ў камеры медчасткі ўстановы, дзе да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства