viasna on patreon

Праваабаронцы нагадваюць Мінгарвыканкаму пра патрабаванне ААН аб адмене прымусовай працы

2016 2016-12-02T11:15:38+0300 2016-12-02T11:50:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ekares-smietnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абавязаныя асобы прымусова працуюць на гарадскіх сметніках. Ілюстрацыйнае фота realt.by

Абавязаныя асобы прымусова працуюць на гарадскіх сметніках. Ілюстрацыйнае фота realt.by

Сталічныя ўлады вырашаюць праблему кампенсацыі абавязанымі асобамі выдаткаў на ўтрыманне адабраных у іх дзяцей праз прымусовую дастаўку нядбайных бацькоў на гарадскія сметнікі для сартыроўкі адходаў. Чыноўнікі выказваюць упэўненасць у эфектыўнасці выкарыстання працы пад пагрозай пакарання, не зважаючы на тое, што яна забаронена міжнароднымі дамовамі, якія ратыфікавала Беларусь.

З кастрычніка гэтага года ГУУС Мінгарвыканкама прыступіў да выканання распараджэння, накіраванага на вырашэнне праблемы кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей так званымі абавязанымі асобамі. Сама ініцыятыва належыць Мінгарвыканкаму, паведамляе сайт ГУУС.

Паняцце “абавязаныя асобы”, нагадаем, уведзенае прэзідэнцкім Дэкрэтам №18. Да гэтай катэгорыі належаць грамадзяне, абавязаныя кампенсаваць дзяржаве выдаткі па ўтрыманні сваіх дзяцей у пэўных выпадках: пры адабранні ў iх дзяцей (па рашэнні камісіі па справах непаўнагадовых ці суда, без пазбаўлення бацькоўскіх правоў), пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў альбо падчас іх знаходжання ў ЛПП, СІЗА, папраўчых установах. У выпадку нясплаты выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі ў судовым парадку падлягаюць прымусовай працы, а за адмову ад яе пагражае не толькі адміністратыўная, але і крымінальная адказнасць.

Аляксандр Купчэня, начальнік УАПП ГУУС Мінгарвыканкама. Фота: pac.by
Аляксандр Купчэня, начальнік УАПП ГУУС Мінгарвыканкама. Фота: pac.by

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Аляксандр Купчэня распавёў, што пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі і ў выніку “прыйшлі да таго, што ў горадзе Мінску неабходна вызначыць прадпрыемства, на якім бы прымусова працавалі абавязаныя грамадзяне”.

“У дачыненні да такіх асобаў мы маем права скласці адміністрацыйны пратакол і на тэрмін да 15 сутак змясціць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў для адбыцця адміністрацыйнага арышту. Але з умовай абавязковага прыцягнення да працы”, - адзначыў міліцэйскі начальнік.

У якасці партнёра па рэалізацыі задумы гарадскіх уладаў выступіла камунальнае прадпрыемства “Экарэс”, з якім у ГУУС Мінгарвыканкама заключана адпаведнае пагадненне.

“Паводле графіку адміністрацыі раёнаў выдзяляюць аўтобус, на якім «ўхілісты» ў суправаджэнні супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх дастаўляюцца на дадзенае прадпрыемства, дзе яны і працуюць. Гэтым мы ставім сабе самую галоўную мэту - прымусіць гэтых грамадзянаў працаваць…”, - падкрэсліў Аляксандр Купчэня і напрыканцы дадаў: “Мы ўпэўненыя, што гэтая ініцыятыва ў канчатковым выніку прынясе свае вынікі”. 

Намеснік старшыні ПЦ
Валянцін Стэфановіч, ПЦ "Вясна"

Праваабарончы цэнтр “Вясна” неаднаразова як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні звяртаў увагу на практыку прымянення элементаў прымусовай працы ў Беларусі, у тым ліку ў звязку з рэалізацыяй Дэкрэта №18. Эксперты арганізацыі заўжды падкрэслівалі, што прымусовае прыцягненне да працы абавязаных асобаў - гэта класічная прымусовая праца паводле класіфікацыі міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека,  паколькі прадугледжваецца пакаранне, то бок - праца пад пагрозай пакарання.

“Ёсць рэкамендацыі беларускай дзяржаве, прынятыя Камітэтам па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН у выніку разгляду ўрадавай справаздачы аб выкананні адпаведнага пакта і сумеснай альтэрнатыўнай справаздачы “Вясны” і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якой мы якраз распісвалі сітуацыю з катэгорыяй так званых абавязаных асобаў. І сутнасць рэкамендацый Камітэта заключалася якраз у тым, каб урад не ўжываў рэпрэсіўныя захады да гэтых катэгорыяў грамадзянаў, абазначаных у кантэксце Дэкрэта №18 і сістэмы ЛПП, а выкарыстоўваў іншыя метады іх сацыяльнай рэадаптацыі, якія б не мелі рэпрэсіўнага характару”, - нагадвае Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца мае на ўвазе даклад FIDH і ПЦ “Вясна” “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”, які ў 2013 годзе быў прадстаўлены ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН і рэкамендацыі з якога шмат у чым паўтараюцца ў высновах Камітэта. Беларусь павінна адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і забяспечыць належную абарону правоў працоўных – такой была адна з асноўных рэкамендацый Камітэта. І асобна эксперты ААН заклікалі Беларусь "адмяніць прымусовую працу ў якасці пакарання для асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў" ("абавязаныя асобы"). Варта нагадаць, што Міжнародны пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю, таксама забараняе прымусовую працу.

Акрамя таго, Валянцін Стэфановіч нагадвае, што праблема абмяркоўвалася і на апошніх слуханнях Камітэта па нормах і стандартах МАП, куды FIDH і ПЦ “Вясна” папярэдне прадставілі свой даклад. Камітэт МАП таксама настойліва заклікаў урад Беларусі гарантаваць, каб у тым ліку Дэкрэт Прэзідэнта №18 быў прыведзены ў поўную адпаведнасць з канвенцыямі гэтай міжнароднай арганізацыі.   

Відавочна, што праблема выкарыстання прымусовай працы палягае ў шырокай плоскасці невыканання ўрадам міжнародных абавязальніцтваў, якія Беларусь узяла на сябе добраахвотна. Нягледзячы на пастаянныя заклікі з боку экспертаў сістэмы ААН, Беларусь не прыслухоўваецца да рэкамендацый аўтарытэтных міжнародных арганізацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства