viasna on patreon

Цэнтр «Яе правы»: Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын улічыў меркаванні беларускіх НДА

2016 2016-11-24T14:37:36+0300 2016-11-27T18:14:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ee_prava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-кафе «Цэнтра па прасоўванню правоў жанчын - Яе правы»

Прэс-кафе «Цэнтра па прасоўванню правоў жанчын - Яе правы»

У Мінску 24 лістапада «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы» падвёў вынікі сваёй паўгадавой дзейнасці ў рамках міжнароднай кампаніі «16 дзён супраць гендэрнага гвалту».

Так прадстаўніцы Цэнтра распавялі, што з чэрвеня 2016 г. у іх працуе інфармацыйна-прававая лінія для жанчын, на якую за паўгода паступіла 116 запытаў.

Пераважна жанчыны звяртаюцца па сямейна-бытавых пытаннях, сярод якіх пытанні па дзецях і аліментах, маёмасныя, шлюба-разводныя працэсы. У тым ліку значная колькасць зваротаў звязана з сітуацыямі хатняга гвалту.

Аднак, нярэдка жанчыны звяртаюцца ў Цэнтр і па пытаннях дыскрымінацыі ў працоўнай сферы.

"Часта дыскрымінацыя мае месца тады, калі працадаўца даведваецца, што жанчына цяжарная, а таксама калі ёсць пытанні па ільготах, сацыяльным страхаванні", - адзначае дырэктарка Цэнтра Аляксандра Дзікан.

Юрыстка Цэнтра Лілія Волін адзначае, што часта пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку жанчыны сутыкаюцца з тым, што іх паніжаюць на пасадзе, альбо скарачаюць працоўны час (напрыклад, са стаўкі на паўстаўкі). І як правіла, жанчыны згаджаюцца на пагаршэнне ўмоваў працы для іх у тым ліку з-за прававой недасведчанасці, страху страціць працу ўвогуле.

"Аказваецца, што ёсць мноства працоўных спрэчак, але яны знаходзяцца на глыбіні, жанчыны не звяртаюцца па дапамогу. І гэта звязана з некалькімі момантамі.

У першую чаргу, з кантрактнай сістэмай у цэлым, калі жанчына не адчувае сябе абароненай і не можа куды-небудзь звяртацца па дапамогу, бо у выніку з ёй проста не працягнуць кантракт. Таксама замоўчваюцца пытанні сэксуальнага дамагання на працоўным месцы - жанчыны проста гэта церпяць", - падкрэслівае юрыстка.

Лілія Волін лічыць, што гаварыць і не замоўчваць праблемы вельмі важна.

Таксама ў «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы» звяртаюцца і па пытаннях сацыяльнай сферы (дапамога, ільготы, пастаноўка на ўлік дзяцей у сацыяльным небяспечным становішчы, адабранне дзяцей і інш.), прыватнай сферы (пагрозы, дамаганні, пераслед, гвалт) і іншым.

Акрамя таго, за час сваёй непрацяглай дзейнасці «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы» ужо паспеў прадставіць частку альтэрнатыўнай справаздачы на пасяджэнні Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

«Нам вельмі радасна, што Камітэт прыняў да ўвагі і ўлічыў меркаванні ўсіх беларускіх НДА і выдаў у цэлым вельмі добрыя рэкамендацыі, якія падкрэслілі, што ў Беларусі ёсць мноства праблем: і гендэрныя стэрэатыпы, і спіс забароненых прафесій для жанчын, і адабранне дзяцей, і ня рэгістрацыя жаночых грамадскіх аб'яднанняў, і ўдзел жанчын у публічнай сферы, і сексізм ў рэкламе і журналістыцы, ды інш», - адзначыла Аляксандра Дзікан.

Між тым Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) апублікаваў свае высновы, афіцыйна названыя заключнымі заўвагамі, аб захаванні правоў жанчын у 11 краінах, у тым ліку ў Беларусі, паведамляе Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH).

На мінулай сесіі з 24 кастрычніка па 18 лістапада ў Жэневе Камітэт разглядаў афіцыйныя і альтэрнатыўныя справаздачы, дзе пад увагу былі прыняты справаздачы антыдыскрымінацыйнага цэнтра «Мемарыял», падрыхтаваныя пры падтрымцы Цэнтра «Яе правы».

У справаздачы, сярод іншага, гаворыцца пра дыскрымінацыю жанчын у сферы працы: у Беларусі жанчыны пазбаўленыя магчымасці працаваць па прафесіях, прызнаных «шкоднымі» для іх рэпрадуктыўнага здароўя. Прыняўшы да ўвагі рэкамендацыі аўтараў альтэрнатыўных справаздач, Камітэт рэкамендаваў Беларусі перагледзець і скараціць «спіс прафесій, небяспечных для жанчын».

«Хоць мы перакананыя, што спіс забароненых прафесій павінен быць цалкам адменены, але і выкананне рэкамендацыі КЛДЖ ААН па сур'ёзнаму перагляду і скарачэнню гэтага спісу ў Беларусі - стала б важным крокам на шляху пераадолення дыскрымінацыі жанчын у гэтай краіне», - адзначыла кіраўнік АДЦ «Мемарыял» Стэфанія Кулаева.

Аналагічныя рэкамендацыі КЛДЖ нядаўна ўжо выносіў шэрагу краін, пастанавіўшы, што спісы забароненых для жанчын прафесій дыскрымінацыйныя, - гэта прамое следства стэрэатыпу, які прыпісвае жанчынам толькі ролю маці.


«Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы» - гэта беларуская некамерцыйная арганізацыя, місіяй якой з'яўляецца ўзмацненне патэнцыялу жанчын і дзяўчынак праз выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце полу і прасоўванне іх правоў і інтарэсаў.
Асноўны напрамак дзейнасці арганізацыі - прадастаўленне бясплатнай і канфідэнцыйнай інфармацыйна-прававой дапамогі.
Калі вы сутыкнуліся з парушэннем сваіх правоў і дыскрымінацыяй у розных сферах па гендарнай прыналежнасці, тэлефануйце з 10.00 да 17.00 (панядзелак - чацвер) на інфалінію Цэнтра:
+375 17 327 77 27, +375 29 635 56 62, +375 33 675 56 62.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства