viasna on patreon

Cправа Уладзіміра Кондруся накіраваная ў суд

2016 2016-10-19T08:21:41+0300 2016-10-19T09:32:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kondrus-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кондрусь. Фота ПЦ "Вясна".

Уладзімір Кондрусь. Фота ПЦ "Вясна".

Адвакат Кондруся і ягоная маці Галіна Васільеўна распавялі, што Уладзімір пакуль яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Але следства ўжо скончылася, і матэрыялы яго справы накіраваныя ў суд.

Падрабязнасці самой справы Мушынскі каментаваць не можа — ён даваў падпіску аб неразгалошванні. Але ж пра тое, як сябе адчувае сам Кондрусь, адвакат трохі распавёў.

«Апошні раз я бачыў Уладзіміра тыдні з тры таму — напрыканцы верасня. Ён быў пад вартай — у мінскім СІЗА на Валадарцы. Кондрусь яшчэ праходзіў нейкую там рэабілітацыю, быў у санчастцы, але ён ужо набраў вагу трохі, ужо сам хадзіў, нармальна размаўляў. Усё ў парадку было. Наколькі мне вядома, аніякіх звышжорсткіх наступстваў галадоўка не дала… Ва ўсякім выпадку, ён мне нічога пра такое не казаў», — распавёў «Нашай Ніве»  Вадзім Мушынскі.

Бацькі Кондруся вельмі хацелі, каб сына адпусцілі дамоў пад падпіску. Але ж, кажа адвакат, такое хадайніцтва яны з Кондрусем пакуль не заяўлялі.

«Можа, паспрабуем у судзе… Пакуль не ведаю. Бацькі Уладзіміра заяўлялі такое хадатайніцтва, але ж ніхто яго не задаволіў, улічваючы цяжкасць злачынства, у якім абвінавачваюць іх сына, — сказаў Мушынскі. — Сам Кондрусь падчас нашых сустрэч быў спакойны. Ён гатовы да ўсяго. Думаю, ён ведае практыку падобных спраў і ўяўляе, чым гэта можа скончыцца».

Следства па справе ўжо скончылася. Матэрыялы перадалі ў суд.

«Чым скончыцца суд, я прагназаваць не буду. Можа быць усё, што заўгодна», — сказаў Вадзім Мушынскі.

Бацькі Уладзіміра бачылі сына толькі адзін раз — калі ён быў яшчэ ў вельмі цяжкім стане.

«Пасля яны некалькі разоў пісалі заявы, прасілі спаткання, і я прасіў у следства, каб ім дазволілі… Але нам і не адказвалі «не», і не адказвалі «так» — маўляў, хай бацькі пішуць заявы, мы будзем разглядаць… А калі заявы пісаліся, то ўжо адказвалі, што матэрыялы перадаюцца ў суд, звяртайцеся туды, ці ў пракуратуру… Прасцей кажучы, спатканне ніхто не даў», — распавёў Мушынскі.

Але ж бацькі Уладзіміра абменьваюцца з сынам лістамі.

«Так, спаткання нам не далі… Але ж лісты пішам. Уладзімір есць нармальна, набірае вагу няблага… Пісаў, што набраў 10 кілаграмаў, — расказала маці Галіна Васільеўна. — Але дакладна не ведаю, мы ж не бачылі яго. Да таго ж, піша, там з печанню пэўныя праблемы засталіся пасля галадоўкі… Але ў цэлым, піша, усё нармальна».

На сённяшні дзень Уладзімір знаходзіцца ў рэспубліканскай турэмнай бальніцы, што на Валадарцы, паведаміла маці Уладзіміра.

«Тыдзень таму ён яшчэ ляжаў у бальніцы. Мы тады ездзілі перадавалі перадачу. Ён ужо іх бярэ, не адмаўляецца, — сказала Галіна Васільеўна. — Дазволена перадаваць 30 кілаграмаў на месяц, вось мы і возім яму час ад часу. Але сына яшчэ не бачылі. Пабачымся ўжо толькі на судзе».

 ***

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Мінска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.

Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршыўся: ён не мог нават самастойна хадзіць.

Бацькі Уладзіміра Кондруся саромеюцца прасіць аб фінансавай дапамозе, але аплочваць адваката пенсіянерам непроста.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства