Вярхоўны Суд пакінуў смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву ў сіле
4 кастрычніка Вярхоўны Суд у выніку апеляцыйнага разгляду справы Сяргея Вострыкава пакінуў у сіле прысуд Гомельскага абласнога суда.
На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі беларускія і міжнародныя праваабаронцы - кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, а таксама прадстаўнікі Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Саша Кулаева і Фларанс Беліўе, якія прыехалі ў Беларусь для прэзентацыі даклада FIDH і "Вясны" па смяротным пакаранні.
“Сяргей Вострыкаў успрыняў рашэнне Вярхоўнага Суда без эмоцыяў. Суддзя запытаў, ці зразумелае яму рашэнне, ён адказаў, што зразумелае”, - распавёў Андрэй Палуда.
Іншыя акалічнасці сённяшняга судовага паседжання праваабаронцам невядомыя, паколькі яно праходзіла ў закрытым рэжыме з прычыны наяўнасці акалічнасцяў справы, якія суд не мог агучваць публічна.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра сёлета 19 траўня. Сяргей Вострыкаў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Нягледзячы на ўзрастаючы нацыянальны і міжнародны ціск на Беларусь з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне, гэта трэці вынесены прысуд ад пачатку 2016 года.