Пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце сэксуальнага дамагальніцтва адмененая
Пракуратура Гомеля адмяніла пастанову гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце супрацьпраўных дзеянняў у СІЗА ў дачыненні да Віталя Г., семнаццацігадовага юнака з прыёмнай сям’і. Ягоная прыёмная маці Марына К. працяглы час дамагалася, каб следчыя правялі праверку па факце сэксуальнага дамагальніцтва ў дачыненні да Віталя, якое мела месца ў следчым ізалятары Гомеля ў лютым 2016 года і ўзбудзілі па гэтым факце крымінальную справу.
Адказваючы на скаргу Марыны К., падрыхтаваную з дапамогай праваабаронцаў “Вясны”, намеснік пракурора г. Гомеля паведамляе, што матэрыялы справы будуць накіраваныя ў Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта для арганізацыі дадатковай праверкі.
Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта разгледзеў матэрыялы праверкі раённага СК па заяве прыёмнай маці Віталя Марыны К. і пастанавіў наступнае:
“Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару, а таксама прычынення цялесных пашкоджанняў на тэрыторыі СІЗА-3 УДВП МУС па Гомельскай вобласці у адносінах да В. адмовіць за адсутнасцю складу злачынства”.
У аснову гэтага рашэння следчыя паклалі паказанні асобаў, што ўтрымліваліся пад вартай разам з Віталём, і якія ў адзін голас заявілі, што аніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да хворага падлетка яны не здзяйснялі.
Апроч таго, згодна звесткак з СІЗА-3, у медычнай карце на імя Віталя не ўтрымліваюцца звесткі аб наяўнасці ў яго цялесных пашкоджанняў. Хаця Віталь скардзіўся супрацоўнікам СІЗА на сэксуальны гвалт, неаднаразовае збіццё сукамернікамі, у тым ліку і па галаве, пра тое, як на ягоным целе тушылі недапалкі. Пра гэта ён, у прыватнасці, заяўляў пад час допыту 22 красавіка.
Сам Віталь, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця (дэменцыя, што развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы), зараз знаходзіцца пад вартай у якасці падазраванага ў сэксуальным дамагальніцтве, якое нібыта мела месца напрыканцы 2015 года. У гэтай гісторыі, падрабязна апісанай ў матэрыяле “Гомель: сэксуальны гвалт над хворым падлеткам у СІЗА” , таксама шмат сумнеўных і невысветленых момантаў.
Прыёмная маці спадзяецца, што дадатковая праверка будзе праведзена больш грунтоўна і дапаможа аднавіць справядлівасць у дачыненні да яе прыёмнага сына.