Валянцін Стэфановіч: Справа Уладзіміра Кондруся – палітычная
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прынялі заяву аб прызнанні крымінальнага пераследу Уладзіміра Кондруся палітычна матываваным і прызнанні яго палітычным зняволеным.
“Я спадзяюся, што ва ўладаў хопіць розуму і палітычнай волі, каб у чарговы раз не псаваць адносіны з Захадам, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
– У той жа час не выключаю, што яны хацелі, каб гэтая справа прайшла ціха, без ведама грамадскасці. Спадзяваліся, напэўна, што ніхто пра справу не даведаецца, паколькі Кондрусь – асоба не публічная ў апазіцыйным асяродку. Яго ціха арыштавалі, кінулі за краты, распачалі справу. І мы даведаліся пра яе абсалютна выпадкова…”
Як стала вядома праваабаронцам, 14 чэрвеня 2016 г. быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1 жыхар п. Рудзенск Уладзімір Кондрусь. Паводле падцверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).
На думку праваабаронцаў, змяшчэнне пад варту Уладзіміра Кондруся па абвінавачванні па арт. 293 КК па падзеях 19 снежня 2010 г. з’яўляецца адным з рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, якія мусілі застацца ў мінулым.
– Ацэнка падзей 2010 году ўжо была выказана праваабарончымі арганізацыямі ў свой час, – распавядае праваабаронца Валянцін СТЭФАНОВІЧ.
– Яна заключалася ў тым, што 19 снежня 2010 году была група асобаў, якія ажыццяўлялі супрацьпраўныя дзеянні, але сама дэманстрацыя насіла мірны характар. Гэта пацвярджаецца ў тым ліку і вынікамі назірання падчас збору людзей на Кастрычніцкай плошчы, шэсця да плошчы Незалежнасці. Ніякіх супрапраўных дзеянняў не было, грамадзяне рэалізоўвалі сваё права на мірны сход. Паўтаруся, на плошчы некалькі чалавек ажыццяўлялі супрацьпраўныя дзеянні, але яны не спыняліся супрацоўнікамі міліцыі, якіх там была вялікая колькасць. З гэтага мы і зрабілі выснову – у гэтым заключалася правакацыйнасць уладаў. І не згодны з кваліфікацыяй таго, што адбылося, як масавыя беспарадкі (такія павінны быць больш масштабныя па часе, колькасці людзей).
Мы палічылі, што нічога новага з тых часоў не адбылося, што магло б паўплываць на нашы ацэнкі, а таму лічым, што, калі нехта і здзяйсняў нейкія дзеянні, то гэта не з’яўляецца злачынствам па артыкуле аб масавых беспарадках.
– У выпадку з Уладзімірам Кондрусем цікавая сітуацыя і з тэрмінам даўніны, ці не так?
– Безумоўна, тэрмін даўніны па тых артыкулах, па якіх ён мог бы абвінавачвацца, прайшоў. Дарэчы, частка дэманстрантаў першапачаткова абвінавачваліся менавіта па артыкуле аб групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак. А “масавыя беспарадкі” – гэта цяжкае злачынства. Таму і бачым палітычны падтэкст дзеянняў уладаў у адносінах да Уладзіміра Кондруся. Справа мусіць быць спыненая.
– У апошні час усё больш распавядаюць, што пра добрыя стасункі Беларусі з Еўрасаюзам, адносіны з “чыстага ліста”. У Беларусі былі вызвалены палітвязні (у тым ліку, і асуджаныя за падзеі 19 снежня 2010 г.), але аказваецца, што справа па тых падзеях не спыненая…
– Так, мы бачым што следства і, напэўна, вышук пэўных асобаў працягваецца. Прыпыненая, але не спынена крымінальная справа экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. І мне не зразумела, чаму так адбываецца. Калі афіцыйны Мінск ужо вырашыў адкрыць новую старонку стасункаў з Еўропай (а менавіта жорсткі разгон мірнай дэманстрацыя 19 снежня паслужыў нагодай для ўвядзення еўрапейскіх санкцый да беларускіх уладаў), то трэба быць паслядоўнымі. Вызваленне палітвязняў стала нагодай для таго, каб санкцыі замарозілі, таму зараз мне вельмі цяжка сказаць, навошта ўлады пачалі адкручваць сітуацыю назад.
– “Справа Кондруся” з’явілася ў самы нязручны для ўладаў момант – у час, калі праходзіць выбарчая кампанія, і ў краіну прыехалі самыя розныя замежныя дэлегацыі…
– Падчас сустрэч з замежнымі дэлегацыямі, мы даводзім усю інфармацыю па гэтай справе. Але дзеянні ўладаў і насамрэч нелагічныя. Хаця нашая пазіцыя па ацэнцы падзей шасцігадовай даўніны не змяняецца і новых падстаў для гэтага няма. Не павінна было быць такога жорсткага разгону дэманстрантаў з ужываннем жорсткай фізічнай сілы і спецсродкаў для мірных грамадзян. І тым больш, гэта не можа быць апраўданнем для той хвалі рэпрэсій, якая затым распачалася. Гэтая хваля закранала значна большыя колы, пад рэпрэсіі патрапілі не толькі тыя, хто ўдзельнічаў у дэманстрацыі. Былі праведзены ператрусы ў некаторых рэдакцыях, у праваабаронцаў, простых людзей, якія мелі сваё меркаванне. Таму, паўтаруся, мы сваіх ацэнак не змяняем.
– Што пагражае Уладзіміру Кондрусю?
– Па тым артыкуле, па якім яго абвінавачваюць, ад 3 да 8 гадоў зняволення.
– Але, магчыма, справа не дойдзе да жорсткага прысуду?
– Я спадзяюся, што ва ўладаў хопіць розуму і палітычнай волі, каб у чарговы раз не псаваць адносіны з Захадам. У той жа час не выключаю, што яны хацелі, каб гэтая справа прайшла ціха, без умяшання грамадскасці. Спадзяваліся, напэўна, што ніхто пра справу не даведаецца, паколькі Кондрусь – асоба не публічная ў апазіцыйным асяродку. Яго ціха арыштавалі, кінулі за краты, распачалі справу. І мы даведаліся пра яе абсалютна выпадкова, таму што спачатку ў Беларускі Хельсінкскі Камітэт, а пасля і да нас, у Праваабарончы цэнтр “Вясна”, прыйшлі бацькі Уладзіміра. Мы узгадалі публікацыі пра яго, паказалі бацькам фотаздымкі ў СМІ, і яны пазналі сына. А, калі б не прыйшлі, то наогул не даведаліся, што яшчэ хтосьці, амаль праз шэсць гадоў, арыштаваны і знаходзіцца пад следствам па справе падзей 19 снежня 2010 году.