viasna on patreon

Расследаванне па справе закідвання фарбай Белтэлерадыёкампаніі працягнулі яшчэ на месяц

2016 2016-08-11T16:31:44+0300 2016-09-08T11:12:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bt-kraska-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома, падазраваным па справе закідвання фарбай будынка Белтэлерадыёкампаніі 10 жніўня следчыя дзеянні працягнулі яшчэ на месяц. Адна са следчых Першамайскага аддзелу Следчага камітэта, што вядзе справу - Стрэжань Алеся Барысаўна.

Акрамя таго, абодва раней затрыманых актывіста анархісцкага руху праходзяць цяпер адразу па двух справах, якія аб'ядналі ў адно: закідванне фарбай будынка БТ і закідванне фарбай трох білбордаў з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

«Следчыя дзеянні могуць падаўжаць яшчэ не адзін раз, так як на працягу ўсяго гэтага часу праводзяцца мноства экспертыз», - сказаў адзін з падазраваных.

Па частцы экспертыз ўжо ёсць вынікі, у тым ліку была выяўленая фарба на стальніцы, аднак не ясна, каму яна належыць. Таксама не менш за 15 ноўтбукаў і трох мабільных тэлефонаў былі даследаваны, але да гэтага часу не былі вернутыя ўладальнікам.

Колькі ўсяго праходзіць падазраваных па справе - незразумела. Вядома, што акрамя дваіх раней затрыманых, на «гутаркі» сведкамі выклікаліся мінімум чатыры чалавекі. Таксама гэтая справа стала штуршком да правядзення шэрагу ператрусаў у актывістаў у розных гарадах Беларусі: Брэсце, Бярозе, Гродна, Барысаве, Наваполацку, Мінску, Гомелі, Жлобіне.

Праваабаронца Наста Лойка падкрэслівае:

"З праваабарончага пункту гледжання мы ня можам падтрымліваць такога рода дзеянні, як псаванне маёмасці, але ў дадзенай сітуацыі відавочна, што ўзбуджаныя крымінальныя справы выкарыстоўваюцца як нагода ціску і пераследу за іншадумства такіх груп актывістаў, як анархісты, антыфашысты, сацыяльныя актывісты. Шэраг працэсуальных парушэнняў у ходзе следства, псіхалагічны ціск, сам маштаб вобшукаў, допытаў, актыўны ўдзел ГУБАЗу наводзіць на думкі, што сапраўдная мэта праваахоўных органаў - мінімалізаваць грамадскую актыўнасць і запужаць маладых людзей. Такія метады з'яўляюцца недазвольнымі ў грамадстве, якое імкнецца называць сябе дэмакратычным і якое нібыта імкнецца да павагі правоў чалавека".

Нагадаем, 9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі "прамога дзеяння" будынак "Белтэлерадыёкампаніі". Гэтай акцыяй яны выступілі "супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрыёмнікі".

Увечары 13 чэрвеня па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыі былі затрыманыя анархіст і анархістка, якія пазней былі адпушчаныя. Крымінальную справу распачаў Следчы камітэт Першамайскага раёна г.Мінска па ч.2 арт. 339 КК РБ - "Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства