Праверка па справе Пцічкіна: устанавіць паходжанне цялесных пашкоджанняў не ўяўляецца магчымым
Маці загінулага ў Мінскім СІЗА №1 жыхара Мінска Ігара Пцічкіна атрымала пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нанясення сыну цялесных пашкоджанняў, якія маглі паслужыць прычынай смерці сына.
Праверку праводзіў старшы ўчастковы інспектар УУС Маскоўскага раёна Мінска Д. Кротаў, які ўстанавіў, што атрыманне Ігарам Пцічкіным шматлікіх цялесных пашкоджанняў не знаходзіцца у прычыннай сувязі з наступленннем смерці Пцічкіна: “Усталяваць паходжанне цялесных пашкоджанняў як у ходзе расследавання крымінальнай справы, так і пры правядзенні праверкі па вылучаных матэрыялах, не ўяўляецца магчымым”.
Праверка таксама выявіла, што атрыманне Пцічкіным цялесных пашкоджанняў не звязанае з дзеяннем фельчара медыцынскай часткі СІЗА №1 А. Крылова. Маўляў, ён толькі аказваў псіхіятрычнeю дапамогу, зафіксаваўшы Пцічкіна рамянямі. Аднак ня ўсе пашкоджанні на целе Пцічкіна ўтварыліся ад рамянёў. Прырода некаторых сінякоў і крывепадцёкаў – іншага паходжання. Некаторыя пашкоджанні ўвогуле ўтварыліся яшчэ да змяшчэння Ігара Пцічкіна ў медчастку.
Дарэчы, матэрыялы крымінальнай справы ў дfчыненні да фельчара Крылова перададзеныя ў суд. А вінавацяць яго ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.
Жана Пцічкіна, маці памёрлага, з дапамогаю юрыстаў Праваабарончага цэнтру “Вясна” звярнулася са скаргай да пракурора Маскоўскага раёна Мінска, у якой просіць адмяніць пастанову, паколькі лічыць яе цалкам неабгрунтаванай.
Пра фармальны характар праведзенай праверкі, на думку Жаны Пцічкінай, сведчыць павярхоўны аналіз розных груп цялесных пашкоджанняў, выяўленых на целе сына, бо вядома, што некаторыя з іх маюць неўстаноўленае паходжанне, г. зн. не ад фіксацыі Ігара рамянямі.
Паколькі доступ да Пцічкіна ў санчастцы СІЗА мелі ў асноўным, службовыя асобы органаў унутраных спраў, таму не выключана здзяйсненне службовага злачынства з іх боку ў дачыненні да Пцічкіна, якое выявілася ў злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады, бяздзеянні ўлады. Такія акалічнасці не сталі прадметам праверкі і ацэнкі з боку службовай асобы, якая вынесла пастанову.
Мінчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на "Валадарцы", дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі знайшлі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў і дамагліся ўзбуджэння крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.