Прызначаная дата суду над Жалновым-малодшым за ўхіленне ад адбыцця пакарання
На 16 жніўня ў судзе Наваполацка прызначаны разгляд крымінальнай справы, заведзенай на сына бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксея Мілюкова, які адбывае трохгадовае пакаранне ў Наваполацку на «хіміі». Пачатак у 10 гадзін. Яго вінавацяць па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі», якое выявілася ў парушэннях рэжыму ўтрымання.
Усяго пад час адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях адкрытага тыпу з ліпеня 2014 года да нядаўняга часу Аляксей Мілюкоў (Жалноў) атрымаў 8 спагнанняў. Бацька Аляксея лічыць, што многія спагнанні выносіліся па неістотных прычынах, фармальна, з мэтаю паўплываць на бацьку, які выкрываў супрацоўнікаў бабруйскай міліцыі, якія парушаюць закон і змяшчаў у сеціве пра гэта ролікі.
Адразу пасля суду Аляксей адбываў пакаранне ў вёсцы Заліп'е пад Гомелем. Туды пераехала жонка Аляксея, там працаўладкавалася. Затым Жалновы спрабавалі дамагчыся пераводу на гэтак званую «хатнюю хімію» ў Бабруйск, бліжэй да дому. Гэтая просьба, відаць, не спадабалася кіраўніцтву Дэпартамента выканання пакаранняў, паколькі пасля звароту туды Аляксею адразу вынеслі 2 спагнанні за парушэнне рэжыму ўтрымання і перавялі далей ад дому, у Наваполацк.
Тут Аляксей Мілюкоў атрымаў працу дворніка ў Наваполацкім лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) з заробкам крыху болей за мільён недэмінаваных рублёў.
Пра пагрозу крымінальнай справы Аляксей даведаўся, калі выйшаў са штрафнога ізалятара пасля дзесяці сутак арышту за несвоечасовую аплату інтэрнату, у якім пражывае. Насамрэч Аляксей інтэрнат аплочваў, аднак паколькі не было расшыфровак плацяжоў, рабіў гэта па сваіх падліках, аднойчы крыху затрымаўся з аплатай. Гэта з’явілася падставай для ягонага пакарання.
Па словах бацькі, Алега Жалнова, сярод падобных прычынаў для вынясення спагнанняў – нібыта адмова Жалнова-малодшага пагаліцца, альбо тое, што ложак быў запраўлены не так, як належыць. Выносілі спагнанне нават за тое, што сын дрэнна спраўляўся з працай дворніка, парушаў працоўную дысцыпліну, не праяўляў ініцыятывы, ці за тое, што нехта пакінуў у разетцы зараднае прыстасаванне для мабільнага тэлефона.
18 ліпеня 2014 года Бабруйскага раёна пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежавання волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу за “гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Інцыдэнт паміж бацькам і сынам Жалновымі і міліцыянтамі здарыўся ў верасні 2014 года ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цвердзіць, з парушэннем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым звярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, абвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны сцвярджалі, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.