Судовыя выканаўцы “выбіваюць” штрафы з актывістаў любой цаной
Праваабаронца з Барысава Алесь Абрамовіч атрымаў апавяшчэнне аб тым што на падставе пастановы аддзела прымусовага выканання Барысаўскага раёна ад 22 ліпеня, вынесена забарона адказчыку на здзяйсненне адчужэння на частку ізаляванага памяшкання, зарэгістраванаго за ім. Па сутнасці, гэта “першая ластаўка перад дажджом”: наступным дзеяннем можа быць арышт нерухомасці.
Прычына падобнага рашэння адна: нясплата штрафаў па адміністрацыйных пастановах за ўдзел Абрамовіча ў несанкцыянаваных масавых мерапрыествах, у прыватнасці, у мітынгах прадпрымальнікаў, якія адбываліся ў траўні і чэрвені ў многіх гарадах Беларусі.
Апошнім часам улады ўсё часцей прыбягаюць да такога метаду ўздзеяння на актывістаў, каб “выкалаціць” з іх штрафы і знізіць градус грамадзянскай актыўнасці.
Так, напрыканцы ліпеня актывістку Ніну Багінскую судовыя выканаўцы запатрабавалі вызваліць садовы домік ў кааператыве “Геолаг-СМ” (вёска Дамашаны), які быў ў траўні арыштаваны за-за нясплаты штрафаў, накладзеных пастановамі судоў.
У рамках выканання пастановы аб здзяйсненні асобнага вытворчага дзеяння аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінская шчэ ў траўні з кватэры актывісткі ў Мінску судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, а таксама наклалі арышт на дачныя ўчасткі. І вось чарга дайшла да канфіскацыі першага з іх.
А 4 жніўня стала вядома аб тым, што накладзены арышт на жыллё актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, юрысткі Тамары Сяргей. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ад 29 ліпеня судовага выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска Настассі Шкрабо. Пра гэта паведамляе "Новы Час". Сваё рашэнне яна матывавала тым, што арышт на жыллё неабходны для спагнання штрафу з праваабаронцы ў памеры 840 дэнамінаваных рублёў.
А вось што распавёў сайту "Беларускага дакументацыйнага цэнтра" адзін з лідэраў руху прадпрымальнікаў і сябра аргкамітэта па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Алесь Макаеў:
«3 жніўня, мне патэлефанавала судовая выканаўца Савецкага раёна Мінска… Судовы выканаўца сказала, што мне трэба тэрмінова заўтра прыехаць на «Ракаўскі кірмаш», бо яны прыедуць туды, каб канфіскаваць тавар на карысць неаплачаных штрафаў за акцыі. Калі яны да мяне прыязджалі ў мінулы раз - канфіскавалі тавар на 43 млн. Пасля чаго яны ўжо некалькі разоў рабілі пераразлік - чароўным чынам 40 ператварыліся ў 20 мільёнаў недамінаваных рублёў. На «Ракаўскі рынак» прыехалі судовыя выканаўцы: 3 жанчыны ў форме і мужчына на пазадарожніку з канфіскату. Пасля таго, як адчынілі кіёск, яны канфіскавалі тавар на 123 новых рубля, пагрузілі ў пазадарожнік і з'ехалі".
У такіх абставінах выклікае сумненнне не зусім законная практыка арышту жылых памяшканняў грамадзян, паколькі канфіскаваць жыллё, якое належыць грамадзяніну на праве асабістай уласнасці згодна з заканадаўствам, практычна немагчыма.