viasna on patreon

Чырвоная бірка, рапарт за 2 кавалкі хлеба, перашкоды ў атрыманні медыцынскай дапамогі. Міхаіл Жамчужны заяўляе пра моцны ціск у ПК-14

2016 2016-07-07T20:54:03+0300 2016-07-08T15:32:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zamchuzny.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

У апошніх лістах палітвязень Міхаіл Жамчужны паведамляе пра пачатак ціску на яго “па ўсіх франтах”.

Ён піша: “28 чэрвеня спачатку выклікаў начальнік спецаддзелу з разборкамі з нагоды аплаты нагляднай скаргі. Я яму падрабязна распавёў, як мне супрацоўнік спецчасткі адмовіў у дасыланні нагляднай скаргі. Паўторна прыйшлося паведамляць, што па словах супрацоўніка спецчасткі ў званні капітана, наглядныя скаргі ў ВК-14 адсылаюцца праз год пасля вынясення прысуду. Іншых інструкцый па працэдуры адпраўкі ні на стэндах, ні ў асабістых размовах з начальнікам атраду мне даведзена  не было. Я тройчы безвынікова звяртаўся пісьмова з заявамі на аплату дзяржпошліны. Іх не знайшлі. Яны зніклі”. Міхаіл Жамчужны адзначыў, што начальнік спецаддзелу праінфармаваў яго пра тое, што па факце адмовы яму на працягу года ў падачы нагляднай скаргі прызначана праверка.

У той жа дзень, па словах Міхаіла Жамчужнага, яго выклікаў супрацоўнік операддзелу Крышталь Віталь Аляксандравіч. “На маё пытанне аб падставах і прычынах ягонага рапарту, на падстве якога я быў прызнаны “схільным да экстрэмізму” пры ўмове, што за 8 месяцаў у мяне не было ніводнай заўвагі, ён паказаў мне пачак вынятых у мяне лістоў. Я папрасіў растлумачыць мне значэнне слова “экстрэмізм”. Як я і чакаў, паследавала серыя спробаў у выглядзе незвязанага паміж сабой набору слоў, якія ён сам у выніку прызнаў беспаспяховымі і сказаў, што я са сваім жыццёвым вопытам сам павінен гэта ведаць.

Лісты на адрасы майго адваката і некаторых сяброў ён прапанаваў мне забраць, паколькі ў іх утрымліваецца крытыка дзеянняў адміністраціі “дэструктыўнага” характару. Паколькі ў лістах адсутнічалі нецензурныя словы, жаргон, іншасказальны тэкст, абрэвіятуры, замежныя словы, адміністрацыя абавязана адправіць іх адрасатам, таму забраць лісты я адмовіўся”. Па тым, што лісты, напрыклад, да праваабаронцы Таццяны Рэвякі, да якіх таксама меліся прэтэнзіі, яна ўсё ж атрымала, можна зрабіць выснову, што яны былі ўсё ж адпраўлены адрасатам – усе або частка з іх.

Стала вядома, што як “асобе, схільнай да экстрэмізму”, Міхаілу Жамчужнаму выдадзена дадатковая бірка з чырвоным абадком, на якой указаны нумар артыкулу, па якім зняволены быў асуджаны першы раз (ч. 4 арт. 210) і тэрмін – 6 гадоў. На другой, звычайнай бірцы ўказаны артыкул і тэрмін зняволення па справе, па якой Міхаіл Жамчужны зараз адбывае пакаранне. Зняволеных, якім прысвоены статус “схільны да экстрэмізму”, у калоніі ў Навасадах некалькі, сярод іх – 21-гадовы футбольны фанат. Усе яны павінны праходзіць па 2 дадатковыя праверкі на дзень: у 11.00 і 21.00 акрамя звычайных у 8.00 і 18.00.

У той жа дзень адбыліся яшчэ спробы справакаваць парушэнне рэжыму ўтрымання М. Жамчужным. “Аператыўнік выклікаў мяне ў штаб адначасова з 11-гадзіннай праверкай. Варта адзначыць, што за неяўку на праверку складаецца рапарт, пра што я быў уведамлены пад подпіс. Я папярэдзіў правяраючага, што не з’яўлюся на праверку і зрабіў выгляд, што пайшоў у штаб. На самой справе я з’явіўся на праверку, чем шакаваў правяраючага. Ён маю картачку зачытаў першай і глядзеў як на прывід.

Праз 3 гадзіны спрабавалі зымітаваць парушэнне рэжыму за самавольнае перамяшчэнне па зоне. Перамяшчацца можна толькі ў суправаджэнні іншага зняволенага ў аранжавай камізэльцы. Я знайшоў такога, і ў яго суправаджэнні вяртаўся са стадыёна згодна патрабаванняў рэжыму. Але афіцэр, якія дзяжурыў па дарозе, спыніў мяне, стаўшы паміж “аранжавым” і мною і стаў цікавіцца “адкуль я іду, што нясу і куды іду і нясу”. Калі б “аранжавы” пайшоў далей са строем іншых асуджаных, я б юрыдычна стаў парушальнікам за самавольнае перамяшчэнне па зоне без суправаджэння. Але “аранжавы” аказаўся з мазгамі і дачакаўся завяршэння размовы”.

Наступным фактарам ціску на Міхаіла Жамчужнага стала сітуацыя, якая здарылася літаральна праз гадзіну пасля размовы з супрацоўнікам операддзелу Крышталем. “Калі я выходзіў са сталовай, мяне ўпершыню за 8 месяцаў і першы раз з усяго складу асуджаных запісалі ў парушальнікі рэжыму ўтрымання за вынас 2 кавалкаў хлеба. Варта адзначыць, што 80% зняволеных харчуецца самастойна, паколькі ежу ў сталовай есці немагчыма: 5 разоў на тыдзень даюць боршч з кармавых буракоў, якія цяжка нават знайсці на дне бачка. Макароны вараць да такой ступені, што атрымліваецца аднародная каша. Рыба падаецца вараная з галовамі, жабрамі і кішкамі, старанна перамяшаная і нейкіх тэхнічных сартоў. Так што я, як і большасць асуджаных, харчуюся тым, што сам прыгатаваў з прадуктаў ларка. А вось хлеб там ніколі не прадаецца, таму яго ўсе традыцыйна выносяць са сталовай. З гэтай нагоды рыхтуюся атрымаць першае спагнанне за 8 месяцаў у ПК-14”.

Міхаіл Жамчужны адзначае таксама, што адміністрацыя перашкаджае яму ў атрыманні медыцынскай дапамогі. “27 чэрвеня наведваў доктара, што адзначана як мінімум у 2 журналах наведвання. Доктар агледзеў мяне, вынес дыягназ і прызначыў лячэнне з прыёмам медыкаментаў. Адначасова тэрапеўт азнаёміў мяне з працэдурай атрымання дазволу на нашэнне мяккага абутку і пераводу на ніжні ярус спальных месцаў. Аднак начальнік атраду №18 адмовіўся падпісваць заяву і вярнуў мне яе без разгляду. Яе арыгінал я прыкладаю да гэтага ліста (заява сапраўды прыкладзена – рэд.). Атраднік Кузьмянкоў Кірыл Анатольевіч, капітан унутранай службы, такім чынам перашкаджае аказанню мне медыцынскай дапамогі”.

Палітвязень піша і пра праблемы з атрыманнем і дасыланнем лістоў. Ён піша ў сярэднім 1 ліст на месяц кожнаму са сваіх сяброў. “Сёння адзін з іх паведаміў, што адразу атрымаў 3 лісты. Значыць, 3 месяцы лісты ад мяне недзе ляжалі. 28 чэрвеня, у канцы гэтага цяжкага дня, мяне зноў выклікаў начальнік атраду і паведаміў радасную навіну. У яго ў партфелі “згубіўся” ліст ад Дзядка Міколы, і з 14 чэрвеня ён яго носіць”. Міхаіл просіць сваіх сяброў мець на ўвазе падобныя затрымкі, і разумець прычыны перапынкаў у ліставанні з ім.

У ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства