Amnesty International патрабуе скасаваць прэвентыўны нагляд Паўлу Вінаградаву
Уплывовая праваабарончая арганізацыя асуджае адвольнае пакаранне беларускага актывіста і заклікае ўлады скасаваць прэвентыўны нагляд, накладзены на Паўла Вінаградава.
Тэкст заявы Amnesty International у перакладзе ПЦ “Вясна”:
Адкрытая заява
24 чэрвеня 2016 г.
Беларусь: Актывіст адвольна асуджаны за мірныя акцыі пратэсту
Amnesty International асуджае адвольнае пакаранне ў дачыненні да Паўла Вінаградава, які 7 чэрвеня 2016 года быў прысуджаны да шасці месяцаў “прэвентыўнага нагляду” ў сувязі з яго ўдзелам у мірных, але несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Amnesty International заклікае беларускія ўлады скасаваць гэтыя абмежаванні.
Умовы “прэвентыўнага нагляду” ў дачыненні да Вінаградава ўключаюць у сябе наступныя абмежаванні:
- Ён не можа пакідаць месца жыхарства з 19.00 да 7.00 (за выключэннем працы);
- Ён павінен чатыры разы на месяц адзначацца ў органах унутраных справаў;
- Ён не можа пакідаць горад Мінск без дазволу ўладаў.
Самае непрыемнае, што любое парушэнне гэтых правілаў можа прывесці да пазбаўлення волі. Гэтае пакаранне з’яўляецца адвольным абмежаваннем правоў Вінаградава на свабоду і свабоду перамяшчэння.
Пакаранне было накладзенае на той падставе, што Вінаградаў чатыры разы цягам года быў асуджаны за адміністратыўныя правапарушэнні. Усе гэтыя прысуды былі звязаныя з удзелам у мірных, але несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Вінаградаваў лічыць, што шэсць месяцаў нагляду маюць на мэце перашкодзіць яму ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах напярэдадні парламенцкіх выбараў, прызначаных на верасень гэтага года.
Права на мірныя сходы гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), удзельніцай якога з’яўляецца Беларусь. Патрабаванне атрымання дазволу на мірныя сходы, разгон мірных сходаў або накладанне на іх ўдзельнікаў адміністратыўных або крымінальных санкцый за ўдзел у несанкцыянаваных мірных сходах супярэчаць міжнароднаму праву і стандартам. Як адзначыў Спецыяльны дакладчык Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Майна Кіаі, “ажыццяўленне асноўных свабодаў не павінна быць прадметам папярэдняга дазволу з боку ўладаў”.
Вінаградаў з'яўляецца актывістам моладзевага палітычнага руху Zmena. Ён быў ахвярай шматлікіх арыштаў і затрыманняў, у асноўным у сувязі з ажыццяўленнем свайго права на свабоду мірных сходаў. Сярод інашага, ён быў асуджаны на два гады хатняга арышту ў 2008 годзе за ўдзел у мірным пратэсце супраць новых правілаў падаткаабкладання і найму на працу для малога бізнесу. У выніку, Amnesty International абвясціла яго вязнем сумлення і заклікала да адмены прысуду.
Ён таксама быў арыштаваны пасля пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі (памілаваны ў верасні 2011 г.).
У агульнай складанасці, Вінаградаў правёў 66 дзён у зняволенні ў перыяд паміж 30 снежня 2011 года і 12 снежня 2012 года па васьмі асобных адміністратыўных справах. Усе яны звязаныя з абвінавачваннямі ў дробным хуліганстве або парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, 30 снежня 2011 года ён быў выкліканы ў РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска для “прафілактычнай гутаркі”, у выніку чаго ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы. Новы год яму давялося сустракаць у зняволенні. 2 сакавіка 2012 года ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту за нецэнзурную лаянку, а 25 красавіка — да пяці сутак за аналагічнае правапарушэнне. 7 верасня 2012 г. ён быў затрыманы каля ўласнага дома і дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска, дзе яго абвінавацілі ў лаянцы ў грамадскім месцы. У выніку, ён быў прысуджаны да пяці сутак арышту. Ва ўсіх выпадках сведкамі нецэнзурнай лаянкі ў грамадскім месцы выступалі супрацоўнікі міліцыі.
Amnesty International заклікае беларускія ўлады скасаваць “прэвентыўны нагляд”, накладзены на Паўла Вінаградава, як незаконны, паколькі ён звязаны з законным ажыццяўленнем яго права на свабоду мірных сходаў.