viasna on patreon

FIDH заклікае да рашучых і скаардынаваных дзеянняў супраць смяротнага пакарання

2016 2016-06-21T14:08:49+0300 2016-06-21T15:32:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karim_lahidji-fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Карым Лахіджы, прэзідэнт FIDH

Карым Лахіджы, прэзідэнт FIDH

Сябры FIDH з усяго свету бяруць удзел у 6-м Сусветным кангрэсе
супраць смяротнага пакарання

Осла-Парыж, 20 чэрвеня 2016 г.

FIDH і 14 яе сяброўскіх арганізацый з Алжыра, Беларусі, Батсваны, Інданезіі, Ірана, Японіі, Маўрытаніі, Марока, Сенегала, Тайланда, Туніса, В'етнама і Уганды прымуць удзел у 6-м Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання, які пройдзе ў Осла з 21 па 23 чэрвеня 2016 года. У складзе дэлегацыі FIDH Любоў Кавалёва, маці маладога чалавека, расстралянага ў Беларусі.

Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання праводзіцца раз на тры гады. Арганізатарам выступае арганізацыя Ensemble Contre la Peine de Mort (“Разам супраць смяротнага пакарання” — ECPM) у партнёрстве з Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання (WCADP). FIDH уваходзіць у Выканаўчы камітэт WCADP з моманту яе стварэння ў 2002 годзе.

На мерапрыемстве сабраліся палітычныя дзеячы, юрысты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з усяго свету з мэтай абмеркавання і выпрацоўкі нацыянальных і міжнародных стратэгій дзеля ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання. Гэтая падзея значна ўзмацніла глабальны абаліцыянісцкі рух.

У адпаведнасці з сваімі паслядоўнымі намаганнямі, накіраванымі супраць прымянення смяротнага пакарання пры любых абставінах, FIDH была адным з арганізатараў 6-га Сусветнага кангрэса. Федэрацыя заклікае да рашучых і скаардынаваных дзеянняў супраць смяротнага пакарання.

“З нагоды 6-га Сусветнага кангрэса, FIDH і яе сяброўскія арганізацыі паўтараюць свой заклік да ўсеагульнай адмены гэтай бесчалавечнай практыкі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Сусветны кангрэс павінен паслаць выразны сігнал: усеагульная адмена смяротнага пакарання неабходная дзеля вяршэнства правасуддзя ва ўсім свеце,” — заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.

FIDH актыўна працуе ў напрамку адмены смяротнага пакарання з дапамогай даследчых місій, адвакатыўных кампаній, навучання юрыстаў, а таксама публікацыі справаздачаў. У кастрычніку 2015 года FIDH апублікавала даследаванне аб прымяненні смяротнага пакарання за нарказлачынствы ў Азіі, а таксама актыўна ўдзельнічае ў праграме па прыняцці Пратакола па адмене смяротнага пакарання да Афрыканскай хартыі правоў чалавека і народаў. З нагоды 6-га Сусветнага кангрэса FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі, ПЦ “Вясна”, прадставяць сваё нядаўна надрукаванае англамоўнае выданне “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, прысвечанае тэме смяротнай кары ў апошняй краіне ў Еўропе, дзе захоўваецца гэты від пакарання. У ёй прадстаўленая гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама найбольш яскравыя сведчанні яго прымянення, у тым ліку датычныя захавання сакрэтнасці адносна расстрэлаў. У кнізе таксама надрукаваныя поўныя болю развагі маці расстраляных, такіх, як Любоў Кавалёва, якая прыехала на Кангрэс, каб падзяліцца гісторыяй сваёй барацьбы за справядлівасць.

На 6-м Сусветным кангрэсе FIDH прадстаўляюць намесніца Генеральнага сакратара FIDH па пытанні смяротнага пакарання Флорэнс Беліўе, прадстаўнік FIDH у Афрыканскаім саюзе Мабаса Фол, а таксама 23 прадстаўнікі з 14 сяброўскіх арганізацыяў і Міжнароднага сакратарыята Федэрацыі.

Прадстаўнікі FIDH былі запрошаныя ў якасці ўдзельнікаў дыскусіяў аб прымяненні смяротнага пакарання ў Азіі і ў Беларусі, ужыванні смяротнага пакарання ў барацьбе з тэрарызмам у краінах MENA (Блізкі Усход і Паўночная Афрыка), умацаванні рэгіянальных механізмаў супраць смяротнага пакарання ў Афрыцы і мабілізацыі супраць смяротнай кары.

На сённяшні дзень смяротнае пакаранне адмененае ў 140 дзяржавах свету (на заканадаўчым узроўні або на практыцы), у параўнанні з 16 краінамі у 1977 г. Існуе відавочная глабальная тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання: за апошні час яно адмененае на ўзроўні закона ў Рэспубліцы Конга, Фіджы, Мадагаскары, Манголіі і Сурынаме. Акрамя таго, рэкордная колькасць краінаў (117 дзяржаваў) прагаласавалі за Рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб увядзенні мараторыя на прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне, якая была прынятая ў снежні 2014 г. Тым не менш, у 2015 годзе быў устаноўлены сумны рэкорд: 1 998 чалавек былі прысуджаныя да смерці ў 61 краіне і 1 634 зняволеныя былі пакараныя смерцю ў 25 краінах свету. Смяротнае пакаранне актыўна ўжываецца ў Азіі і на Блізкім Усходзе. Пры гэтым на Пакістан, Саудаўскую Аравіі і Іран прыходзіцца 89 % усіх зарэгістраваных выпадкаў пакарання смерцю ў 2015 годзе. Гэтая статыстыка не ўключае Кітай, дзе афіцыйныя даныя аб прымяненні смяротнага пакарання з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай, але менавіта там, як мяркуецца, адбываецца найбольшая колькасць пакаранняў смерцю. Пяццю найбуйнейшымі катамі свету з’яўляюцца Кітай, Іран, Ірак, Сірыя і ЗША. Акрамя таго, на працягу апошніх некалькіх гадоў многія краіны прынялі законы па барацьбе з тэрарызмам, якія пашырылі пералік злачынстваў, што караюцца смяротным пакараннем. У апошні час новаабраны прэзідэнт Філіпінаў абвесціў пра свой намер вярнуць смяротнае пакаранне 29 гадоў пасля яго адмены на ўзроўні Канстытуцыі краіны. Пасля некалькіх гадоў без смяротнага пакарання Пакістан, Іярданія і Чад нядаўна аднавілі выкананне смяротных прысудаў у імя так званай барацьбы з тэрарызмам. Гэтыя трывожныя падзеі паказваюць, наколькі важнымі з’яўляюцца такія падзеі, як 6-ы Сусветны кангрэс і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання (які адзначаецца штогод 10 кастрычніка) у барацьбе за аб’ектыўнае правасуддзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства