viasna on patreon

Павел Сапелка: Суд павінен адмовіць ва ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду

2016 2016-06-03T16:02:58+0300 2016-06-03T16:10:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka-pavel-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрыст Павел Сапелка.

Юрыст Павел Сапелка.

3 чэрвеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў з патрабаваннем спыніць палітычны пераслед актывіста Паўла Вінаградава.

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 7 чэрвеня 2016 г. прызначана судовае пасяджэнне, на якім будзе вырашацца пытанне пра устанаўленне прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да грамадска-палітычнага актывіста Паўла Вінаградава.

Падставамі для пачатку дадзенай працэдуры паслужыла тое, што Павел Вінаградаў тройчы з пачатку года быў прыцянуты да адмінстрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (“парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах”) у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка лічыць, што намер устанавіць прэвентыўны нагляд у дачыненні да актывіста - гэта інструмент парушэння яго асноўных грамадзянскіх правоў.

«Імкненню любым коштам абмежаваць свабоду актывіста не перашкаджае нават тое, што гэтыя спробы не адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству.

У адпаведнасці з пунктам 2 часткі 4 артыкула 80 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прэвентыўны нагляд пасля вызвалення з папраўчай установы можа быць устаноўлены за асобай, якая была асуджана за ўчыненне цяжкага злачынства, калі яна ў межах тэрміну судзімасці больш за два разы на працягу года прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, за якія законам прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

За такімі асобамі прэвентыўны нагляд устанаўліваецца на тэрмін ад шасці месяцаў да двух гадоў, але ў межах тэрміну судзімасці (частка 6 арт. 80 КК).

14 верасня 2011 года Павел Вінаградаў быў вызвалены ад адбыцця пакарання. Судзімасць пагашаецца ў дачыненні да асуджанага за цяжкае злачынства - па заканчэнні пяці гадоў пасля адбыцця асноўнага і дадатковага пакаранняў (ст. 97 КК); дадатковага пакарання яму не прызначана.

Гэта значыць, да пагашэння судзімасці ў яго дачыненні засталося менш за шэсць месяцаў. Пагашэнне або зняцце судзімасці анулююць прававыя наступствы крымінальнай адказнасці», - тлумачыць Павел Сапелка.

Юрыст прыходзіць да наступнай высновы:

«Такім чынам, тэрмін, які застаўся да пагашэння судзімасці, меншы мінімальнага тэрміну, на які устанаўліваецца прэвентыўны нагляд у адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта азначае, што суд павінен адмовіць УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Мінска ва ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да актывіста».

Сам Павел Вінаградаў думае, што дадзеная ініцыятыва зыходзіць знізу - ад Маскоўскага РУУС, а не загадана зверху.

«Навошта гэта рабіць на фоне таго, што хутка ў нас парламенцкія выбары, дзе трэба паказваць Еўропе, якія мы класныя, навошта пераследваць чалавека па палітычных прычынах і прыцягваць увагу - мне не зразумела. Нешта мне падказвае, што за гэтае рашэнне хтосьці атрымае "па шапцы"», - каментуе сітуацыю актывіст.

Нагадаем, 19 снежня 2010 г. Павел Вінаградаў быў арыштаваны і асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі па ч.2 арт. 293 КК  (“масавыя беспарадкі”) за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту ў Мінску пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў.  Вызвалены ў сувязі з памілаваннем разам з іншымі палітвязнямі 14 верасня 2011 г.

Пасля вызвалення Павел Вінаградаў сістэматычна падвяргаўся адвольным адміністратыўным арыштам, а перад правядзеннем сусветнага чэмпіянату па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе ў сувязі з ціскам з боку праваахоўных органаў быў вымушаны з’ехаць з Мінска ў Беразіно.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства