viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе спыніць палітычны пераслед актывіста Паўла Вінаградава

2016 2016-06-03T17:25:00+0300 2016-06-03T16:06:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Заява

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 7 чэрвеня 2016 г. у судзе Маскоўскага р-на г. Мінска прызначана судовае пасяджэнне, на якім будзе вырашацца пытанне пра устанаўленне прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да грамадска-палітычнага актывіста Паўла Вінаградава.

Падставамі для распачынання дадзенай працэдуры паслужыла тое, што П. Вінаградаў тройчы з пачатку года быў прыцянуты да адмінстрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах) у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

Раней П. Вінаградаў неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай і адмінстрацыйнай адказнасці менавіта ў сувязі з рэалізацыяй мірным чынам свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

Так, у 2008 годзе за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту 10 студзеня 2008 г. у г. Мінску П. Вінагарадаў быў асуджаны па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.  Міжнародная Амністыя прызнала ўсіх фігурантаў гэтага працэсу, у тым ліку і П. Вінаградава, вязнямі сумлення.

19 снежня 2010 г. П. Вінаградаў быў арыштаваны і асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі па ч.2  арт. 293 КК  (масавыя беспарадкі) за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту ў г. Мінску пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў.  Вызвалены ў сувязі з памілаваннем разам з іншымі палітвязнямі  14 верасня 2011 г.

Пасля вызвалення П. Вінаградаў сістэматычна падвяргаўся адвольным адміністратыўным арыштам, а перад правядзеннем сусветнага чэмпіянату па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе ў сувязі з ціскам з боку праваахоўных органаў быў вымушаны з’ехаць з г. Мінска ў г. Беразіно Мінскай вобласці.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць чарговыя намаганні уладаў па ўстанаўленні ў дачыненні да П. Вінаградава працэдуры прэвентыўнага нагляду, працягам практыкі палітычна матываванага пераследу, увядзення дадатковых абмежаванняў і   стварэння рэальнай пагрозы чарговага ўвязнення дадзенага актывіста.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойліва заклікае улады:

Неадкладна спыніць вытворчасць па справе устанаўлення прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да П. Вінаградава;

Спыніць іншыя формы палітычна матываванага ціску на  П. Вінаградава і іншых грамадзян у сувязі с рэалізацыяй імі правоў, гарантаваных Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

г. Мінск, 03.06.2016 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства