Ліст з даверанасцю на зварот ў Камітэт ААН ад Генадзя Якавіцкага не прапусцілі на волю
Як стала вядома праваабаронцам, з 11 траўня лісты ад асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага да сваякоў не даходзілі. Яны турбаваліся, што ў адносінах да асуджанага ў гэты час маглі прывесці ў выкананне смяротны прысуд. Таму ў другой палове дня 30 траўня на спатканні з Генадзем Якавіцкім была яго дачка. Яна даведалася, што яе бацька жывы, але лісты не даходзілі ў сувязі з тым, што ў іх ён пазначыў, што давярае сваёй дачцэ звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека, каб недапусціць парушэнняў яго правоў з боку дзяржавы. Такім чынам Генадзю Якавіцкаму не даюць рэалізаваць яго канстытуцыйныя правы.
«У Канстытуцыі пазначана, што “кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны” (арт. 61 Канстытуцыі). Але вось Генадзю Якавіцкаму не даюць скарыстацца такім правам.
Гэта не першы выпадак, калі дзяржорганы перашкаджаюць атрыманню даверанасці на прадстаўленне інтарэсаў асуджанага ў Камітэце. Да гэтага даверанасць ад Сяргея Іванова была “згубленая” ў канцэлярыі СІЗА-1.
Але мы ўсё адно будем звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека ад імя Генадзя Якавіцкага, і адпаведны зварот ужо рыхтуецца», - патлумачыў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
Нагадаем, 5 студзеня Мінскі абласны суд вынес Генадзю Якавіцкаму смяротны прысуд за забойства сваёй сужыцелькі, учыненае з асаблівай жорсткасцю. 20 студзеня асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд. 8 красавіка калегія Вярхоўнага суда не задаволіла скаргу Генадзя Якавіцкага і пакіна смяротны прысуд у сіле.