Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу звольненага інжынера прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах
Уладзімір Табула прасіў суд аднавіць яго на пасадзе намесніка начальніка аддзела па ахове працы, бо пазней ён быў з парушэннем працоўнага заканадаўства пераведзены на пасаду інжынера гэтага аддзела, а пасля ўвогуле звольнены.
Падчас разгляду справы ў Лунінецкім раённым суддзе было засведчана, што адміністрацыя прадпрыемства “Граніт” парушыла заканадаўства ў момант пераводу Табулы на іншую пасаду. Больш таго, абласны суд нават прыняў рашэнне кампенсаваць яму маральныя страты. Але, няглядзечы на гэта, самае галоўнае патрабаванне – аб аднаўленні на працы – ні суд першай інстанцыі, ні абласная судовая ўстанова не падтрымалі.
Сам Уладзімір Табула прычыну свайго звальнення бачыць не ў адсутнасці прафесіяналізму, а ў дачыненні да незалежнага прафсаюза. Паводле яго словаў, праблемы на працы пачаліся пасля таго, як у адміністрацыі “Граніта” даведаліся, што ён з’яўляецца сябрам прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Табула нагадаў, што за апошнія гады на прадпрыемстве ў Мікашэвічах пазбавіліся ўсіх работнікаў, якія ўступілі ў незалежны прафсаюз, а таксама запалохваі іх родных. Уладзімір Табула кажа, што фактычна ён заставаўся апошнім на “Граніце”, хто меў дачыненне да незалежнага прафсаюзнага руху. Сваё звальненне ён па-ранейшаму лічыць незаконным і будзе аспрэчваць гэтае рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях.