viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Праваабарона vs палітыка. Яшчэ адзін акадэмічны прыклад

2016 2016-03-21T15:00:46+0300 2016-03-21T16:35:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-text-00.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўняя заява Сойму Партыі БНФ з заклікам да спынення прытоку мігрантаў з Сірыі ў Беларусь уяўляе сабой той самы акадэмічны прыклад адрознення палітычнай дзейнасці ад праваабарончай. Прыклад, які варты цытавання на праваабарончых школах у мэтах нагляднай дэманстрацыі гэтых адрозненняў. 

Доўгі час праваабарончая дзейнасць у нашай краіне ўспрымалася ды і зараз успрымаецца ў адным шэрагу з апазіцыйнай дзейнасцю разнастайных палітычных партыяў і рухаў. Прычым гэтыя рухі і партыі, якія прадстаўляюць тую самую апазіцыю, даўно ўжо не ўяўляюць ідэалагічнае цэлае і маюць рознае напаўненне – ад левых анархісцкіх рухаў да правых кансерватыўных партый. Далёка не з усімі гэтымі прадстаўнікамі праваабаронцы маюць агульныя погляды і  іх апазіцыйнасць да існуючага сёння ў краіне палітычнага рэжыму зусім не азначае аўтаматычнай падтрымкі іх палітычнага курсу з боку праваабарончай супольнасці.

Такое шырокае ўспрыняццё праваабарончай дзейнасці звязанае найперш з тым, што праваабронцы часта выступаюць у падтрымку тых ці іншых палітычных лідараў і актывістаў, якія пераследуюцца ўладамі ў сувязі з іх апазіцыйнай дзейнасцю. Аднак тут важна адзначыць, што прызнанне таго ці іншага чалавека палітычным вязнем не заўсёды азначае падтрымку праваабаронцамі яго палітычных поглядаў і перакананняў. У дадзеным аспекце для нас важным з’яўляецца толькі наяўнасць палітычнага матыву для пераследу чалавека з боку Урада краіны за ягоную мірную палітычную дзейнасць ці ў сувязі з мірным ажыцяўленнем ім грамадзянскіх ці палітычных правоў, гарантаваных міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, а не тыя ці іншыя палітычныя погляды палітзняволенага.

Напрыклад, я заўсёды безумоўна падтрымліваў асуджаных актывістаў Маладога фронту, паколькі лічыў іх асуджэнне палітычна матываваным пераследам з боку ўладаў за ажыццяўленне апазіцыйнай палітычнай дзейнасці, прычым выключна мірнымі метадамі. Такі пераслед не з’яўляецца прымальным  для дэмакратычнага грамадства, заснаванага на прынцыпах палітычнага плюралізму і разнастайнасці палітычных поглядаў і перакананняў. Аднак, гэта зусім не азначае, што пры гэтым я з’яўляюся прыхільнікам палітычнай платформы МФ. Зусім наадварот, я не з’яўляюся прыхільнікам падобных палітычных поглядаў, яны мне далёка не блізкія як праваабаронцу і чалавеку. Праваабаронцы бароняць не погляды, а правы. І ў гэтым кантэксце для нас усе роўныя, калі толькі такая дзейнасць не трапляе пад дапушчальныя абмежаванні і не звязаная з прапагандай гвалту, варажнечы і гэтак далей.  Гэта і ёсць адзін з асноўных прынцыпаў нашай дзейнасці.  

Ды і сутнасна палітычная дзейнасць адрозніваецца ад праваабарочнай тым, што праваабаронцы не змагаюцца за ўладу як такую. Менавіта таму праваабронцы ніколі не вылучаюцца на выбарах, не прымаюць удзелу ў працы палітычных партый і іншых палітычных суб’ектаў. Барацьба за ўладу - натуральная сутнасць палітычных суб’ектаў, нават калі ўмовы для такой барацьбы носяць скрайне абмежаваны характар у сувязі з наяўнасцю ў краіне недэмакратычных рэжымаў і аўтакратый. Сама сутнасць палітычнай барацьбы, яе жанр, прадугледжвае наяўнасць падтрымкі палітычнай сілы ці лідара з боку грамадства, ну ці як мінімум імкнення да такой падтрымкі. Дзеля гэтага палітычныя суб’екты могуць дапускаць і відавочна папулістычныя заявы і крокі. Прычым узровень такога папулізму вельмі часта звязаны з агульным узроўненнем палітычнай культуры грамадства, з рознага кшталту  яго асаблівасцямі і, вядома, з электаратам, на які разлічаныя палітычныя мэсэджы. Далёка не ўсе такія палітычныя пасылы адпавядаюць прынцыпам, якімі кіруюцца праваабаронцы. Вось і заява Сойму Партыі БНФ адносіцца да такога прыкладу. Што ў дадзеным канкрэтным прыкладзе бліжэй для праваабаронцаў? Палітыка Урада па прадастаўленні прытулку ў краіне для ўцекачоў з Сірыі ці заклікі апазіцыйнай Партыі БНФ аб недапушчэнні павелічэння ўцекачоў “з іншага цывілізацыйнага кола”? Мяркую, адказ відавочны.  

Палітыкі, нават апазіцыйныя, схільныя думаць з пазіцый дзяржавы і дзяржаўнай улады, а правабаронцы - з пазіцый канкрэтнага індывіда. Правы чалавека – гэта і ёсць стасункі тога самага індывіда і дзяржавы і ўяўляюць сабой адвечную праблему захавання балансу інтарэсаў аднаго і другой. Праваабаронцы - гэта пасярэднікі паміж індывідам і дзяржаўнай машынай. Правабааронцам, у адрозненні ад палітыкаў, важная, але не абавязкова патрэбная вялікая падтрымка іх ідэяў з боку насельніцтва. Правабаронцы не збіраюцца абапірацца на такую падтрымку дзеля прыходу да ўлады, абрання ў парламент ці на пасаду прэзідэнта. Затое праваабаронцы могуць выступаць у абарону ўразлівых групаў грамадства, за якіх не будуць заступацца іншыя, бо гэта “не папулярна” і не прынясе палітычных дэвідэнтаў зараз ці ў будучым. Затое праваабаронцы могуць уздымаць праблемы, якія з’яўляюцца “нязручнымі” для палітыкаў. Заўсёды прыемна абараняць герояў, белых і пухнатых, а вось абараняць тых, хто не выклікае сімпатыяў у грамадстве, значна цяжэй. Але праваабаронцы рабілі і будуць рабіць гэта, таму што зыходзяць з прыныпаў універсальнасці правоў чалавека, зыходзяць з таго, што правы ёсць ва ўсіх, яны дадзеныя нам ад нараджэння, незалежна ад колеру скуры, сэксуальнай арыентацыі, рэлігійнай прыналежнасці, незалежна ад негатыўных ці пазітыўных ацэнак асобы з боку большасці ці пэўнай часткі грамадства. Для нас важнае разуменне таго, што мы ўсе розныя і можам адрознівацца сваім ладам жыцця, знешнім выглядам, поглядамі і перакананнямі. Гэта тое, што мы павінны прапагандаваць у грамадстве і чаму надаваць увагу ў сваёй асветніцкай дзейнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства