Валянцін Стэфановіч: Беларускае грамадства пакуль далёкае ад разумення талерантнасці
Праваабарончы цэнтр “Вясна” далучыўся да агульнаеўрапейскага Тыдня супраць расізму, мерапрыемтсвы якога праходзяць у Беларусі з 12 па 21 сакавіка, каб звярнуць увагу на ўразлівыя групы ў беларускім грамадстве, якім неабходная салідарнасць.
Актывісты арганізацыі для сваёй фотасесіі абралі тыя групы, дыскрымінацыя і негатыўнае стаўленне ў дачыненні да якіх, паводле іх меркавання, найбольш пашыраная ў нашай краіне.
“Ідэя нашай фотаакцыі ў падтрымку Тыдня супраць расізму сфакусаваная на беларускай рэчаіснасці, праблемах, характэрных для нашага грамадства. Мы б хацелі данесці тое, што ўсе мы розныя і што свет – разнастайны і менавіта гэтым цікавы. Што трэба змагацца з пашыранымі негатыўнымі стэрэатыпамі і чалавека ні ў якім разе нельга ацэньваць толькі паводле яго нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці ці сэксуальнай арыентацыі”, - распавядае намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Часта талерантнасць рэтранслюецца як “нацыянальная асаблівасць” беларусаў, аднак праваабаронца не пагаджаецца з гэтым меркаваннем.
“Наша арганізацыя даўно займаецца гэтым пытаннем, у свой час мы рабілі пэўныя даследванні, рыхтавалі тэматычныя выданні і можам зрабіць выснову, што беларускае грамадства далёка не талерантнае. Варта хаця б пачытаць каментары да праблемных інфармацыяў у медыя. Напрыклад, як людзі каментуюць апошні выпадак у Баранавічах, дзе жанчыну адразу пасля аперацыі і родаў са шпіталя змясцілі ў СІЗА, - маўляў, а што ж вы хацелі, “яна ж цыганка” і так далей. Негатыўны вобраз прадстаўнікоў цыганскай меншасці пастаянна прысутнічае ў зводках афіцыйных ораганаў МУС, гэта адзіная нацыянальнасць злачынцы, якая найчасцей указваецца ў СМІ. Мы сутыкаемся з гэтым у дзяржаўных газетах і на тэлебачанні. Таксама ў нашым грамадстве прысутнічае і побытавы антысемітызм. Я ўжо не кажу пра гамафобію, узровень якой досыць сур’ёзны, і мы ўжо бачылі некалькі выпадкаў, калі людзей нават збівалі і забівалі за іх сэксуальную арыентацыю. Таму я лічу, што казаць пра талерантнае грамадства ў Беларусі проста не выпадае. Вельмі часта “іншасць” выклікае негатыўнае стаўленне ў некаторых грамадзян і існуюць групы, якія найчасцей выклікаюць нават варожую рэакцыю — прадстаўнікі ЛГБТ, людзі, якія належаць да цыганскай нацыянальнай меншасці, некаторыя рэлігійныя групы”.
Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу на яшчэ адну характэрную праблему – неразуменне сутнасці талерантнасці.
“Бо нават некаторыя паважаныя філосафы (не буду называць прозвішчаў) ужываюць гэтае паняцце ў дзіўным кантэксце. Напрыклад, калі гаворка вядзецца пра злачынствы ці іншыя негатыўныя сацыяльныя праявы, кажуць, маўляў, людзі церпяць, бо “талерантныя, яны гэта прымаюць”. Але прычым тут талерантнасць? Талерантнасць – гэта актыўнае ўзаемадзеянне людзей розных культураў і нацыянальнасцяў, а не цярплівасць. Цярпімасць і цярплівасць – розныя рэчы”.
Нагадваючы пра вызначэнне талерантнасці, праваабаронца адсылае да канкрэтнага дакумента Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – Дэкларацыі прынцыпаў цярпімасці, прынятай ЮНЭСКА ў 1995 годзе. Не прамінем працытаваць вызначэнне з Артыкула 1 Дэкларацыі: “Цярпімасць азначае павагу, прыняцце і правільнае разуменне багатай разнастайнасці культур нашага свету, нашых формаў самавыяўлення і спосабаў праяўлення чалавечай індывідуальнасці. Ёй спрыяюць веды, адкрытасць, зносіны і свабода думкі, сумлення і перакананняў. Цярпімасць - гэта гармонія ў разнастайнасці. Гэта не толькі маральны абавязак, але і палітычнае і прававое запатрабаванне. Цярпімасць - гэта дабрадзейнасць, якая робіць магчымым дасягненне міру і спрыяе замене культуры вайны на культуру міру”. І далей тлумачыцца: “Праява цярпімасці, сугучная павазе правоў чалавека, не азначае памяркоўнага стаўлення да сацыяльнай несправядлівасці, адмовы ад сваіх ці саступкі чужым перакананням. Гэта азначае, што кожны вольны прытрымлівацца сваіх перакананняў і прызнае такое ж права за іншымі. Гэта азначае прызнанне таго, што людзі па сваёй прыродзе адрозніваюцца знешнім выглядам, становішчам, маўленнем, паводзінамі і каштоўнасцямі і валодаюць правам жыць у свеце і захоўваць сваю індывідуальнасць. Гэта таксама азначае, што погляды аднаго чалавека не могуць быць навязаныя іншым”.
Мажліва, Тыдзень супраць расізму ў цэлым і гэтая фотаакцыя паспрыяе таму, што людзі задумаюцца, паспрабуюць разабрацца, што такое талерантнасць, і ацаніць тое, што бачаць наўкола штодня, выказвае спадзяванне праваабаронца.