viasna on patreon

Віцебскім актывістам адмаўляюцца паказваць дакументы пра знойдзенае імі ж невядомае пахаванне

2016 2016-03-04T11:43:45+0300 2016-03-04T11:43:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-hajsy-kryzy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лістападзе 2014 года віцебскія актывісты знайшлі ў лесе каля вёскі Хайсы чалавечыя парэшткі – косткі і чарапы ў вялікіх ямах. Паводле мясцовых старажылаў, у 1930-я гады тут адбываліся сталінскія расстрэлы. Улады ж сцвярджаюць, што гэта пахаванне ахвяраў мінулай вайны.

Апаненты ўжо другі год спрабуюць адно аднаго пераканаць. Актывісты заснавалі грамадскую ініцыятыву “Хайсы” , запісваюць на відэа аповеды старажылаў і збіраюць гістарычныя звесткі пра дзенасць НКУС у рэгіёне. Чыноўнікі віцебскага райвыканкама тым часам стварылі «аргкамітэт па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў», які вырашае, як пахаваць знойдзеныя парэшткі, і шукае пацверджанняў “ваеннай” версіі.

Мінулай восенню каля вёскі Хайсы працаваў 52-гі пашуковы батальён, які эксгумаваў парэшткі і сістэматызаваў знойдзеныя рэчы – жаночае ды мужчынскае адзенне і абутак. Вайсковы археолаг Вадзім Тамілін падрыхтаваў справаздачу па знаходках. Але яе чамусьці не паказваюць актывістам: іх пазнаёмілі толькі са зместам 2-х старонак, 10-й і 11-й. Выкладзеныя на іх меркаванні чыноўнікі трактуюць як бясспрэчныя доказы сваёй версіі – прыналежнасці пахавання да ваеннага часу.

“Аднак там гаворыцца, што ўсяго толькі “прасочваецца сувязь” з тым часам – бо сярод рэчаў знайшоўся кавалак тканіны, меркавана ад нямецкага кіцеля. Нічога дзіўнага: вайна прайшлася па тых мясцінах! Аднак жа былі знойдзены і іншыя рэчы – манеты, датаваныя ад 1930-мі гадамі, абутак са штэмпелямі 1930-х, гільзы ад зброі, якая была на ўзбраенні ў НКУСаўцаў, і чарапы маюць кулявыя адтуліны ў патыліцы… А вось гільзаў ад нямецкай зброі няма. І самае галоўнае – мы не ведаем, што яшчэ сказана ў справаздачы, якую ў райвыканкаме ад нас хаваюць”, -- апавядае заснавальнік ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў.

Верагодна, знаёмства са зместам справаздачы паклала б канец супрацьстаянню ўладаў і актывістаў, але пазнаёміцца з ёй ніяк не ўдаецца.

“Мы звярнулся ў райвыканкам, але атрымалі адмову. Маўляў, гэта дакумент не створаны райвыканкамам, чужы, а таму копію не дамо. Звяртайцеся ў вайсковую частку, да якой належыць пашуковы батальён. Звярнуліся. Адтуль нам адказалі, што справаздача ёсць у райвыканкаме, і трэба звяртацца туды. Ці адны, ці другія – але нехта відавочна парушае наша права на інфармацыю!”- працягвае спадар Дзяржаўцаў.

Актывісты напісалі заяву ва ўпраўленне па ўшанаванні памяці загінуўшых абаронцаў, папрасіўшы даць ацэнку пазіцыі камандавання вайсковай часткі 28443, якое адмовілася даслаць копію справаздачы. А таксама напісалі паўторны зварот у Віцебскі райвыканкам – пра тое, што пашукавікі параілі прасіць копію справаздачы менавіта ў мясцовых уладаў. І дадалі, што адмову адрэагаваць па сутнасці актывісты расцэньваюць як парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Супрацоўніцтва з уладамі, што да ўшанавання памяці невядомых ахвяраў, аніяк не атрымліваецца, кажа Ян Дзяржаўцаў. Актывісты ідуць насустрач: яны прадаставілі аргкамітэту відэазапісы сведчанняў відавочцаў, гатовыя дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю невядомага пахавання. А вось улады не хочуць прадаставіць дакументы, якія маюцца ў іх распараджэнні. Гэта спараджае яшчэ большы недавер да высноваў, ужо агучаных праз дзяржаўныя СМІ для насельніцтва рэгіёна, - пра тое, што каля Хайсоў знойдзена невядомае пахаванне ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства