Скаргу на салігорскіх чыноўнікаў пракуратура адфутболіла на разгляд самім чыноўнікам
Скаргу мясцовага грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы на дзеянні чыноўнікаў Салігорскага райвыканкаму, звязаныя з ушчыльненнем гарадской забудовы ў раёне стадыёна школы №2 па вуліцы Горкага, пракуратура Салігорскага раёна перанакіравала на разгляд самім чыноўнікам.
Раней грамадскі актывіст выявіў факты фальсіфікацыі вынікаў адпаведных грамадскіх слуханняў і патрабаваў ад пракуратуры правядзенне праверкі з гэтай нагоды:
- Салігорскі райвыканкам стварыў “станоўчы баланс” грамадскага меркавання на карысць будаўніцтва дзесяціпавярховага дому на тэрыторыі школьнага стадыёну шляхам незаконнага далучэння да вынікаў абмеркавання 203 незаконных подпісаў. Я быў гатовы прадставіць сведак таго, што гэтыя подпісы збіраліся чыноўнікамі райвыканкаму ўжо пасля сканчэння афіцыйнага тэрміну грамадскага абмеркавання. Зрэшты, пракуратура і сама магла лёгка выявіць гэтыя парушэнні. Трэба было проста апытаць людзей, даведацца, калі яны давалі свае подпісы і ў якіх умовах. Апытаць таксама тых, хто непасрэдна ладзіў гэты збор. На жаль, салігорская пракуратура без тлумачэння прычын адмовілася праводзіць адпаведную праверку і проста адфутболіла скаргу ў райвыканкам. Ад іх я ўжо таксама атрымаў адказ. Салігорскія чыноўнікі, натуральна, фальсіфікацыю вынікаў грамадскіх слуханняў прызнаваць адмовіліся, - кажа Уладзімір Шыла.
Спыняць сваю барацьбу за здаровы навакольны асяродак грамадскі актывіст тым не менш не збіраецца. Уладзімр Шыла сумесна з жыхарамі мікрараёна ўжо рыхтуе скаргі ў Міністэрства архітэктуры, Мінскі аблвыканкам і пракуратуру Мінскай вобласці аб парушэнні нацыянальных тэхнічных нарматыўных прававых актаў зацверджаным мясцовымі ўладамі рашэннем аб ушчыльненні гарадской забудовы каля школы №2 па вуліцы Горкага.