viasna on patreon

Салігорцы патрабуюць ад чыноўнікаў моўнай роўнасці

2015 2015-11-17T13:08:08+0300 2015-11-17T13:08:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belaruskaja-mova-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зварот з патрабаваннем моўнай роўнасці накіравалі старшыні Мінскага аблвыканкаму і дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў прадстаўнікі Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ.

“На сучасным этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці стан беларускай мовы, якая апынулася ў складанай, трагічнай сітуацыі і існуе амаль на мяжы выжывання, тэрмінова патрабуе дзяржаўнай падтрымкі на ўсіх узроўнях улады з мэтаю прывядзення яе ў раўнавагу з рускай мовай згодна артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе раўнапраўнае развіццё дзвюх дзяржаўных моў,” - гаворыцца ў звароце сяброў Таварыства беларускай мовы.

- У нашай краіне, на вялікі жаль, адсутнічае роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, а артыкул 17 Канстытуцыі і дзеючае моўнае заканадаўства выконваюцца з парушэннямі ці зусім не выконваюцца. У гарадах Беларусі адсутнічаюць беларускамоўныя садкі, школы, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, - гаворыць старшыня Салігорскай арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі. - Тое ж самае тычыцца і горада Салігорска. На вуліцах беларускай сталіцы шахцёраў зрэдку можна ўбачыць роднае, беларускае слова. Паўсюль пануе рускае, і нават англійскае слова візуальна ўжо апярэджвае беларускае. Амаль ва ўсіх узведзеных у апошнія гады крамах уся вонкавая інфармацыя выканана толькі па-руску. Нават афіцыйная інфармацыя Салігорскага райвыканкаму ў раённай газеце “Шахцёр” па-беларуску ніколі не падаецца.

Сябры мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы лічаць, што з боку Салігорскага райвыканаму адсутнічае належны кантроль за выкананнем артыкула 17 Канстытуцыі Беларусі, і адказнасці за яго невыкананне ніхто не нясе. Актывісты ТБМ у чарговы раз нагадалі ўладам пра адсутнасць шыльдаў на фасадзе ўваходу ў мясцовы райвыканкам і Савет дэпутатаў ды запатпрабавалі ліквідацыі ў Салігорску парушэнняў артыкула 17 Канстытуцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства