Старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы атрымала прэмію Вацлава Гавела (аўдыё)
Старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева стала лаўрэатам Прэміі Вацлава Гавала, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у Twitter Савета Еўропы.
Прэмію Аляксеевай ўручылі ў панядзелак, 28 верасня, на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Уручаючы прэмію, кіраўнік ПАСЕ Ан Брасер заявіла, што Аляксеева стала «сімвалам барацьбы за правы чалавека ў Расіі», паведаміў партал РБК.
«Я не вельмі веру ў хуткае паляпшэнне грамадскага клімату ў маёй краіне, але доўгатэрміновы прагноз у мяне аптымістычны. Расія еўрапейская краіна. <...> Таму мы абавязкова станем дэмакратычнай краінай і прававой дзяржавай. Я веру ў гэта ўсім сваім сэрцам », - заявіла Аляксеева.
Сярод фіналістаў 2015 года былі таксама афганская няўрадавая арганізацыя "Жанчыны для афганскіх жанчын" і Балканская рэгіянальная "Моладзевая ініцыятыва па правах чалавека".
У 2013 годзе першым лаўрэатам прэміі Вацлава Гавела стаў кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Праваабаронца адначыў, што ўзнагарода Людмілы Аляксеевай падкрэслівае тую складаную сітуацыю, у якой сёння знаходзіцца грамадзянская супольнасць Расіі.
“На сёння сітуацыя з праваабаронцамі ў Расіі выклікае вялікую трывогу і заклапочанасць, бо на працягу апошняга часу найбольш актыўныя і вядомыя праваабарончыя арганізацыі ў Расіі падвяргаліся бесперапынным атакам. Іх уносілі ў спісы замежных агентаў, адбываліся бясконцыя фінансавыя праверкі іх дзейнасці, а таксама ўсемагчымая іншыя праверкі, якія рэзка абмежавалі дзейнасць расійскіх праваабаронцаў. Зразумела, што гэта робіцца не проста так. Гэта сёняшняя дзяржаўная палітыка. Адказ на тую прынцыповую пазіцыю, якую нашыя калегі займаюць у такі складаны час, калі відавочна, што Расія ўсё далей і далей адыходзіць ад нормаў і прынцыпаў захавання правоў чалавека ў краіне. Вялікі рэзананс і вялікую крытыку з боку расійскіх правабаронцаў выклікаў расійска-ўкраінскі канфлікт, а таксама з’яўлення дзесяткаў палітычных зняволеных і рэзкае абмежаванне дзейнасці грамадзянскай супольнасці. У сваю чаргу правабаронцы атрымалі атаку з боку дзяржавы, некаторыя з іх вымушаныя згарнуць сваю дзейнасць, перафарматаваць яе. Некаторыя з’ехалі з Расіі альбо працуюць, адмовіўшыся ад рэгістрацыі. Зараз яны перажываюць цяжкія часы. І я лічу, што гэтая ўзнагарода падкрэслівае тую няпростую сітуацыю, якая зараз адбываецца ў расійскай грамадзянскай супольнасці”.
Таксама Алесь Бяляцкі распавёў, што Людміла Аляксеева з’яўляецца даўнім сябрам беларускіх праваабаронцаў і заўсёды падтрымлівала грамадзянскую супольнасць нашай краіны у складаных умовах.
“Людміла Аляксеева з’яўляецца сімвалам правабарончай дзейнасці ў Расіі. Яна працягвае сваю дзейнасць на працягу больш як 50 гадоў. Не гледзячы на свой узрост, яе ацэнкі па сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі заўсёды ясныя і прынцыповыя. Апроч таго, яна наш добры стары калега і сябр. Людміла Аляксеева неаднойчы прыязджала ў Беларусь і давала дакладныя і аб’ектыўныя ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яна дапамагала нам маральна, калі мы знаходзіліся ў цяжкі ўмовах. Калі я знаходзіўся ў турме, яна выступала з пратэстам і з патрабаваннем майго вызвалення.
Зараз у Расіі адбываецца разгром дэмакратычнага руху. Правы чалавека ў Расіі рэзка звужаюцца і праз заканадаўства, і праз дзеянні ўладаў. Гэта ў нас выклікае вялікую заклапочанасць, бо тое, што адбываецца ў Расіі вельмі часта пераносіцца на краіны-суседзі і тым больш такія краіны, якія ўваходзяць у нейкія аб’яднанні разам з Расіяй. Таму прэмія Людміле Аляксеевай з’яўляецца і прэміяй усім расійскім правабаронцам, усім нашым калегам, якія ў гэтым няпростых умовах змагаюцца за правы чалавека”.
Міжнародная прэмія імя Вацлава Гавела за ўклад у абарону правоў чалавека была заснаваная Бібліятэкай былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела, фондам «Хартыя-77» і Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ) тры гады таму. Першым яе фіналістам у 2013 годзе стаў кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі,а у 2014 яе атрымаў азербайджанскі праваабаронца Анар Мамедлі. На момант ўручэння прэміі і Алесь Бяляцкі, і Анар Мамедлі знаходзіліся за кратамі.